Сілавікі у Горках і Магілёве прыгразілі выкладчыкам і студэнтам адказнасцю за «экстрэмісцкія» падпіскі і ўдзел у «несанкцыянаваных акцыях».
У Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (БДСГА) 19 лютага прафесарска-выкладчыцкі склад быў сабраны ў актавай зале на сустрэчу з пракурорам раёна Аляксандрам Тарасюком, які выступіў з дакладам на тэму «Правапарушэнні экстрэмісцкай накіраванасці і адказнасць за іх здзяйсненне».
Мерапрыемства ў БДСГА праходзіла ў фармаце тлумачальна-інфармацыйнага сходу для педагогаў, якія павінны весці прафілактычную працу сярод моладзі, каб «прадухіліць радыкалізацыю і прапаганду экстрэмісцкіх ідэй». Пад радыкалізацыяй пракурор меў на ўвазе палітычную нелаяльнасць навучэнцаў. Ён прывёў прыклады канкрэтных прысудаў па палітычна матываваных справах.
На наступны дзень падобнае мерапрыемства адбылося ў Магілёве ў Беларуска-Расійскім універсітэце (БРУ). Там распачалася штогадовая прававая дэкада пад назвай «Мы і закон».
Ва ўніверсітэт прыехаў старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Волкаў, які таксама пагражаў адказнасцю за «экстрэмісцкую» дзейнасць, удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Раней Волкаў неаднаразова быў заўважаны ў палітычна матываваных рэпрэсіўных дзеяннях у дачыненні да магілёўцаў.