Ужо вядома, што ў бліжэйшы час не адбудзецца Inspire Fest. А што з «Дранік-фэстам» і «Вялікім гарадскім пікніком»?

14 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі/ Фота – vk.com/mogilev_creative


Цэнтр гарадскіх ініцыятыў абвясціў аб тым, што намечаны на чэрвень творчы фестываль Inspire Fest пакуль не адбудзецца. Арганізатары паведамілі, што з-за новаўвядзенняў у закон аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь, выдаткі на правядзенне фэсту рэзка выраслі.

Па новай версіі закона толькі за паслугі міліцыі ЦГІ прыйдзецца заплаціць 5700 беларускіх рублёў.

Мы некамерцыйная арганізацыя, ні адзін партнёр нашых фестываляў, мясцовы і буйны бізнэс, якія дапамагаюць у арганізацыі фестываляў, не гатовыя стаць спонсарам аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, – напісала ў сябе ў Facebook адна з арганізатарак Наталля Драгальчук.

Акрамя таго, яна распавяла пра змены ў правядзенні іншага традыцыйнага мерапрыемства – «Вялікага гарадскога пікніка»:

– Пікнік будзе, але … Але ў іншым месцы, у іншы час, не зусім мы самі арганізатары.

Каб мерапрыемствы адбыліся і арганізатарам не прыйшлося марнаваць вялікую колькасць грошай на паслугі міліцыі, неабходна, каб іх ўключылі ў план гарадскіх мерапрыемстваў гарвыканкама.

Ну а што з «Дранік-фэстам»? Блогер Дзяніс Васількоў у сваім твітары паведаміў, што «пакуль пытанне вырашаецца».

Нагадаем, што ў студзені 2019 года ў Беларусі пачалі дзейнічаць новыя правілы правядзення масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца грамадзянамі, грамадскімі аб’яднаннямі і палітычнымі партыямі. Рэзка павялічыўся кошт паслуг па ахове парадку: у залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў, сума толькі «на міліцыю» можа дасягнуць некалькіх тысяч даляраў.