«Трыумфальную арку» нарэшце пафарбавалі. Засталося адмыць яе імідж.

23 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


«Трыумфальную арку» на ўездзе ў Магілёў пафарбавалі ў белы колер. Застаецца толькі аздабленне і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Увесь гэты час мясцовыя чыноўнікі праз СМІ спрабуюць апраўдаць яе існаванне лозунгамі пра прыгажосць і ўнікальнасць, але атрымліваецца дрэнна. Да ўсёй гэтай гісторыі ёсць мінімум шэсць пытанняў, на якія магілёўцы ніколі не атрымаюць адказ.

Дык колькі ж яна каштуе на самой справе?

23 чэрвеня TUT.BY апублікаваў матэрыял, у якім вырашыў адказаць, за чый кошт і за якія грошы будуецца арка. Па дадзеных партала, з бюджэту на яе не ўзята ні капейкі, а агульная сума пабудовы разам з добраўпарадкаваннем тэрыторыі складзе 750 тысяч рублёў (або 375 тысяч даляраў).

Гэта значна менш, чым сума, якую называем мы, – 2 млн. даляраў.

Але нават без нашых дадзеных да лічбы ў 750 тысяч рублёў ёсць пытанні. Роўна год таму ўсё той жа TUT.BY публікаваў перадрук з «Магілёўскіх ведамасцяў», у якім кошт аркі быў роўны 1,5 млн. рублёў. Або 750 тысячам даляраў.

Выглядае так, быццам людзі, якія падалі інфармацыю для апошняга матэрыялу TUT.BY, пераблыталі валюты.

Партал таксама паведаміў, што на сённяшні дзень выдаткавана ўжо 453 тысячы рублёў. Бетон і арматуру для будаўніцтва заводы далі бясплатна.

Важны момант: галоўны інжынер Упраўлення капітальнага будаўніцтва Віталь Шумейка ў мінулым годзе распавядаў «Магілёўскім ведамасцям», што толькі на арматуру і бетон пойдзе 500 тысяч рублёў.

Сума ў 453 тысячы рублёў, відавочна, не ўлічвае кошт «бясплатнага» бетона і арматуры. З іх улікам трэба павялічваць суму мінімум на паўмільёна BYN.

Зрэшты, даведацца сапраўдны кошт гараджанам наўрад ці калі-небудзь атрымаецца.

У гонар чаго яе ўзводзяць?

Упершыню аб будаўніцтве аркі загаварылі яшчэ ў 2016 годзе, прычым ўпрыгожыць яе павінны былі львы і герб Магілёва. Пабудову ўзводзілі адмыслова пад юбілей Магілёва – 750 гадоў, які адзначаўся ў 2017. Тэрмін – да 15 чэрвеня, як заяўляў старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў.

Так павінна была выглядаць арка першапачаткова – з ільвамі і гербам Магілёва

Аднак потым тэрмін ссунуўся. Улетку 2017 года галоўны інжынер УКБ Віталь Шумейка сказаў, што па нарматывах будоўля будзе ісці 9 месяцаў – прычым на 2018 год павінны былі застацца толькі добраўпарадкаванне і аздабленне.

Не выйшла – узвядзенне аб’екта было скончана толькі вясной 2018 года. Дырэктар УКБ Андрэй Маскалёў аптымістычна заявіў, што ўжо да верасня ўсё будзе гатова, але ўпэўненасці няма.

Між тым мяняецца мэта будаўніцтва. Вядома, словы пра юбілей горада будуць прагаворвацца, але выглядаць гэта будзе смешна: арку ў гонар 750-годдзя скончаць ў другой палове 751 года Магілёва, і тое – яшчэ не факт.

Такім чынам, будзе новая мэта. Хутчэй за ўсё – гэта V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе як раз восенню гэтага года. Мясцовыя ўлады прэзентуюць бетонны помнік гасцям з іншай краіны, атрымаюць балы рэпутацыі ў вачах чалавека, які патрабаваў лоск і гармонію, а «Арка ў гонар 750-годдзя Магілёва» ператворыцца ў «Арку, здадзеную да Форуму рэгіёнаў».

Колькі грошай ахвяравалі добраахвотна, а колькі – стрэслі?

Гарадскі, абласны і рэспубліканскі бюджэты не вылучылі ні капейкі на магілёўскую арку. Усе фінансы, якія выкарыстоўваюць стваральнікі пабудовы, – гэта  добраахвотныя ахвяраванні грамадзян і прадпрыемстваў.

У кожным тэксце пра будаўніцтва аркі, які выходзіць у СМІ, гэтая інфармацыя падаецца чыноўнікамі як факт. Праверыць складана – закрытасць бюджэту ад грамадскасці і СМІ не дазволяць верыфікаваць дадзеныя уладаў.

Уявіце сітуацыю. «Добраахвотных» грошай не хапае. Здаць арку да Форуму рэгіёнаў не атрымліваецца. Чаму вы паверыце больш – таму, што будынак здадуць тады, калі хто-небудзь у чарговы раз зробіць ахвяраванне?

Альбо таму, што ўлады залезуць у скарбонку, толькі б не раззлаваць Аляксандра Лукашэнку, які запрасіў у Магілёў Уладзіміра Пуціна?

Яшчэ адзін важны момант: запэўненне ў добраахвотнасці ахвяраванняў – гэта, мякка кажучы, хітрасць. Толькі за апошнія некалькі месяцаў у сацсеткі некалькі разоў злівалі фатаграфіі аб’яў, па якіх у работнікаў прадпрыемстваў настойліва прасілі здаць грошы на арку. Рэгулярныя напаміны пералічваць пабольш грошай зыходзяць наўпрост ад старшыні гарвыканкама Уладзіміра Цумарава – і пра гэта мы пісалі. Застаецца здагадвацца, якую суму грамадзяне здалі сапраўды добраахвотна, а якую – пад ласкавым напорам начальства.

Mogilev.Real

Дзе абяцаны падземны пераход?

У снежні 2016 года падчас планёркі ў гарвыканкаме ўпершыню была агучана ідэя падземнага пераходу на разваротным кальцы, дзе усталёўваюць арку.

У пачатку 2017 гады праз газету «Веснік Магілёва» Уладзімір Цумараў пацвердзіў, што да манумента можна будзе трапіць праз падземны пераход.

У першапачатковай дакументацыі падземны пераход таксама быў. Аднак цяпер пра яго не кажуць ні слова.

Выява праекта з сайта інстытута “Магілёўграмадзянпраект”. У левым куце бачны выхад з падземнага перахода

Між тым гэта важны момант – да аркі без парушэння правілаў дарожнага руху не падысці. Зараз, каб наблізіцца, трэба пераходзіць праезную частку. Магчыма, чыноўнікі абыдуцца наземным пешаходным пераходам, хоць гэта наўрад ці будзе бяспечна. Пры гэтым аўтамабілі, якія едуць па кальцу, могуць вас проста не заўважыць з-за вугла павароту.

Падземка б вырашыла пытанне – але ў афіцыйных крыніцах зараз пра яе нават не гавораць.

На арцы пілуюць грошы?

Карупцыйныя скандалы выбухоўваюць па ўсёй краіне, але толку ад гэтага ніякага – тыя, хто павінен сядзець 8-10 гадоў, выходзяць праз тры гады і ўзначальваюць які-небудзь калгас.

Будаўніцтва – адна з тых сфер, у якой можна паласавацца лішкамі грошай, калі ты стаіш досыць блізка. З нядаўніх прыкладаў – тры гады калоніі атрымаў былы галоўны архітэктар Бабруйска Артур Дарашкевіч, яшчэ раней быў арыштаваны кіраўнік ПМК-266 Мікалай Патрончык, які памёр у СІЗА.

Заўважце – гэта далёка не апошнія людзі, якія ў свой час збіралі добрыя публікацыі ад дзяржаўных СМІ, былі адзначаны ўзнагародамі і дыпломамі.

Хто дасць гарантыю, што на будаўніцтве аркі ўсё будзе чыста і праз чатыры гады байнэт не разарве інфармацыйнай бомбай аб затрыманні датычных да яе стварэння?

Навошта яна?

У аркі няма культурнай каштоўнасці, на яе марнуюць грошы насельніцтва, стаіць яна на ўскрайку горада.

Дык які ў ёй сэнс?