Аляксандру Рыгоравічу прысвяцілі цэлы банэр на афіцыйным сайце «Прыдняпроўскай нівы».
10 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
У беларускай электаральнай кампаніі зараз ідзе этап збору подпісаў. Дзеючы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, паводле прадстаўнікоў ягонай ініцыятыўнай групы, сабраў ужо больш за мільён подпісаў. Прэтэндэнты ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктар Бабарыка – ужо амаль тры сотні тысяч, Валерый Цапкала – каля 120 тысяч подпісаў. Іншыя – менш.
Асаблівасцю этапу збору подпісаў з’яўляецца тое, што падчас яго забаронена агітацыя за якога-небудзь вылучэнца.
Назіральнік пры Магілёўскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Саша «Райкан» Буракоў звярнуў увагу, што раённая газета «Прыдняпроўская ніва», зрэшты, відавочна «топіць» за аднаго з прэтэндэнтаў.
– На сайце газеты размясцілі спецыяльны банэр і рубрыку «Прэзідэнт на карысць народа», у якім публікуюць ўсю інфармацыю аб дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі, які з’яўляецца прэтэндэнтам на вылучэнне ў прэзідэнты ўжо ў каторы раз. Па-мойму, газета відавочна парушае выбарчае заканадаўства, вылучаючы падчас выбарчай кампаніі аднаго прэтэндэнта.
Па словах назіральніка, на сайтах іншых “раёнак” падобных банэраў няма. Саша Райкан рыхтуе зварот у Цэнтрвыбаркам, каб там правялі праверку па факце незаконнай агітацыі на карысць Лукашэнкі.
– На этапе збору подпісаў агітацыя забароненая. Будзем казаць шчыра, вылучэнцу Аляксандру Лукашэнку, як дзеючаму прэзідэнту, і так надаецца шмат асабліва станоўчай увагі ў дзяржаўных СМІ. Іншыя прэтэндэнты не валодаюць такімі магчымасцямі, хоць Выбарчы кодэкс гарантуе роўнасць для ўсіх вылучэнцаў. Але калі газета вылучае Лукашэнкі з пасылам, што ён «дзейнічае на карысць народа» – гэта ўжо зусім перабор.