Кіраўніком аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама стала Ірына Бацішчава.

16 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Інфармацыю пра новую начальніцу ўжо ўнеслі на афіцыйны сайт Магілёўскага гарвыканкама. Сярод асноўных задач, за якія будзе адказваць Ірына Бацішчава – ажыццяўленне і рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў вобласці ідэалогіі, фармаванне патрыятычных настрояў у грамадстве, ідэалагічнае забяспячэнне дзяржаўных палітычных кампаній і шмат іншага.

Апроч гэтага, аддзел, які ўзначаліла Бацішчава, з’яўляецца фактычным гаспадаром гарадской газеты «Веснік Магілёва».

Да Бацішчавай за ідэалогію і справы моладзі ў горадзе адказвала Іна Караткевіч.

На сёння чыноўніцы 43 гады. Вядома, што новя кіраўніца вучылася ў СШ №19 г. Магілёва, пасля чаго скончыла педагагічны факультэт МДУ ім. А. А. Куляшова. Да падвышэння працавала намеснікам начальніка аддзела па ідэалогіі і справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама.

Пакуль складана нешта сказаць пра новую начальніцу, аднак людзі, якія мелі некалі кантакт з Ірынай Бацішчавай, адзначаюць яе гатовасць слухаць і весці дыялог, а таксама уменне дамаўляцца.

Апроч гэтага, варта сказаць пра адкрытасць Бацішчавай – у чыноўніцы ёсць свая старонка «УКантакце», на якой тая выкладвае фатаграфіі са свайго жыцця і дзеліцца назіраннямі.