Беларускія ўлады прысудзілі да расстрэлу бабруйчаніна Аляксандра Асіповіча.

9 студзеня. Бабруйск. Алесь Святліцкі. Фота – ПЦ «Вясна», spring96.org


Суд Магілёўскай вобласці на выязным пасяджэнні ў Бабруйску прысудзіў 36-гадовага мужчыну да смяротнага пакарання. На думку суда, Аляксандр Асіповіч вінаваты ў забойстве двух дзяўчат, прычым злачынства ён здзейсніў з асаблівай жорсткасцю. Таксама з яго возьмуць сродкі на пахаванне дзяўчат і правядзенне экспертыз.

Забойства адбылося ў Бабруйску ў ліпені 2018 года. У адзін з вечароў Асіповіч пазнаёміўся ў кафэ з двума дзяўчынамі – Алесяй Клімавай і Крысцінай Крушкінай. Абодвум было крыху больш за 25 гадоў. Пасля алкагольнага вечара ў кафэ, тройца накіравалася да дому мужчыны, дзе яны працягнулі піць. Раніцай паміж дзяўчатамі і Асіповічах разгарэўся канфлікт. Як сцвярджаў у судзе абвінавачваны, Клімава і Крушкіна здзекаваліся над ім, з-за чаго ён раззлаваўся і накінуўся на дзяўчат. Тыя замкнуліся ў ваннай і выклікалі міліцыю, аднак тая прыехаць не паспела.

Асіповіч забіў Алесю і Крысціну пры дапамозе малатка і нажа. Усяго ён нанёс 77 удараў па Клімавай і 16 удараў па Крюшкиной.

Пасля забойства Аляксандр накіраваўся ў краму, дзе купіў піва, цыгарэты, а таксама некалькі рулонаў смеццевых пакетаў. Апошняя купля стала падставай для следства лічыць, што Асіповіч збіраўся раздзяліць трупы дзяўчат. Сам Асіповіч гэта адмаўляе.

Міліцыя затрымала мужчыну ў той жа дзень, калі ён піў піва ў двары свайго дома. Да гэтага выпадку Аляксандр быў чатыры разы судзімы за рабаванне, хуліганства і нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Гэта таксама стала адной з прычын, чаму пракурор запрасіў для Асіповіча выключную меру пакарання.

Дзяўчыны да сваёй смерці прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, у прыватнасці за крадзеж. Экспертыза ўстанавіла, што ў абедзвюх на момант смерці ўтрымлівалася больш за 3 праміле алкаголю.

Падчас апошняга слова Асіповіч раскаяўся ў зробленым і папрасіў прабачэння ў сваякоў забітых. Нягледзячы на гэта, суддзя Міхаіл Мельнікаў асудзіў мужчыну да расстрэлу. У таго ёсць дзесяць дзён для абскарджання прысуду.