Адразу некалькі прызначэнняў у мясцовыя адміністрацыі! І яшчэ адно тычыцца Міністэрства аховы здароўя.

11 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Photo – sb.by


Здаецца, адстаўка Шуневіча запусціла карусель ракіровак у чыноўніцкім апараце на ўсіх узроўнях. У Магілёўскім рэгіёне таксама будуць новыя кіраўнікі – начальнікі змяніліся ў адміністрацыі Ленінскага раёна і ў Магілёўскім райвыканкаме, з’явіўся новы намеснік старшыні аблвыканкама. А вось Міністэрства аховы здароўя страціла свайго галоўнага чыноўніка з Магілёва.

У НАС НА РАЁНЕ

За Ленінскі раён г. Магілёва зараз будзе адказваць Аляксей Багайчук. Раней ён быў дарадцам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Да Багайчука пасаду галоўнага чыноўніка па раёне на працягу шасці гадоў займаў Віктар Лаўрыновіч, аднак нічым характэрным на сваёй пасадзе ён не адзначыўся. У асноўным змены, якія адбываліся ў Ленінскім раёне, звязваюць з імем старшыні гарвыканкама Уладзіміра Цумарава.

Сам Багайчук не вельмі прыкметная фігура. Вядома, што ў 2016 годзе ён разам з дэлегацыяй іншых чыноўнікаў наведаў Бразілію і ЗША, дзе ў складзе групы дамаўляўся аб супрацоўніцтве паміж мясцовымі штатамі і Магілёвам.

У тым жа годзе ўдзельнічаў у футбольным матчы за каманду аблвыканкама супраць каманды гарвыканкама і нават забіў гол.

У Магілёўскім раёне начальнікам стаў былы першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Чыкіда, які змяніў «моцнага гаспадарніка» Анатоля Дуцько.

Алег Чыкіда. photo – mogilev-region.gov.by

Чыкіда быў фактычным галоўным памочнікам былога старшыні аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, які з трэскам праваліўся на сваёй пасадзе і быў адпраўлены ў адстаўку пасля скандалу ў аграхолдынге «Купалаўскае» увесну гэтага года. Іранічна, што з 2014 года па 2018 год менавіта Чыкіда адказваў у абласным выканкаме за развіццё сельскай гаспадаркі ў рэгіёне.

НОВАЯ СТАРАЯ НАДЗЕЯ ЭКАНОМІКІ

Нарэшце, у Магілёўскім аблвыканкаме з’явіўся намеснік старшыні, які павінен адказваць за эканоміку рэгіёну – ім стаў Руслан Страхар. Фактычна, гэта прамое павышэнне – да новага прызначэння Страхар займаў пасаду кіраўніка ўпраўлення эканомікі Магілёўскага аблвыканкама.

Руслан Страхар – злева. photo – vestnikmogileva.by

Пры гэтым да абласной улады Страхар адносіцца ўжо даўно – яшчэ ў 2007 годзе ён заняў пасаду памочніка старшыні аблвыканкама – гэта значыць паспеў застаць яшчэ Барыса Батуру.

У цэлым, крыніцы MSPRING.ONLINE характарызуюць яго як дастаткова разумнага і крэатыўнага чалавека, які можа прынесці карысць рэгіёну.

МАЛАШКА – УСЁ

Нарэшце, галоўнае кадравае рашэнне, якое цалкам адносіцца да Магілёва – адпраўка ў адстаўку міністра аховы здароўя Валерыя Малашка. На новай пасадзе ён паспеў пабыць усяго толькі два з паловай гады. Да гэтага ён на працягу некалькіх тыдняў узначальваў міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Да міністэрскіх жа пасад Малашка трывала сядзеў у Магілёве. З 1989 года ён працаваў лекарам-інтэрнам ў Магілёўскай абласной бальніцы. Праз восем гадоў ён ужо ўзначаліў Магілёўскую абласную дзіцячую бальніцу.

У 2004 годзе пайшоў на чынавенскі пост у Магілёўскі аблвыканкам, дзе на розных пасадах прабыў да 2016 года, пакуль яго не «вырвалі» на пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны. Пазней стаў міністрам аховы здароўя.

11 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка адставіў Валерыя Малашка, прызначыўшы замест яго галоўнага ўрача Мінскага анкалагічнага дыспансера Уладзіміра Караніка.

Магчыма, цяпер ужо экс-міністру проста не пашанцавала – менавіта на час яго «кіраўніцтва» у ведамстве прыйшоўся найбуйнейшы карупцыйны скандал у гісторыі медыцыны незалежнай Беларусі.