Жыхары дамоў па вуліцах Заслонава прайгралі суды. Цяпер яны могуць апынуцца на вуліцы.

20 – 21 красавіка. Магілёў. Вул. Заслонава. Ігар Лазоўскі


Абласны суд стаў на бок «Будтрэста №12» і адмовіў у задавальненні скаргі жыхароў.

Жыхары дамоў па вул. Заслонава Сяргей Куродаў і Марыя Бабакова прасілі суд адмяніць рашэнне аб іх высяленні на падставе таго, што яны пражываюць, як пазначана ў іх дакументах, у кватэрах, а не інтэрнатах.

Жыхары чакалі пазітыўнага зыходу – задоўга да суда ў іх адбыўся канструктыўны дыялог з Аленай Лісінай, начальнікам аддзела эксплуатацыі жыллёвага фонду ўпраўлення ЖКГ Магаблвыканкама. Па яго выніках у людзей з’явілася ўпэўненасць у тым, што эпапея з кватэрамі-інтэрнатамі вырашыцца на іх карысць.
Аднак 20 красавіка абласны суд пастанавіў адмовіць «заслонаўцам» у іх касацыйных скаргах і прызнаў правату “Будтрэсту”.

Сяргей Куродаў, лідэр жыхароў, пракаментаваў MSPRING.ONLINE рашэнне суда:

– Судом ня быў улічаны ні водны наш дакумент, проста ні водны! Ўперліся, што вось ёсць дакументы з БТІ і «Будтрэста №12», дзе сказана, што мы пражываем, нібыта, у інтэрнатах. Ні ордэры на кватэры, ні паказанні сведак – нічога з нашага пакета дакументаў не было прынята. Праўды – не дамагчыся. Нават пенсіянерку выселілі на вуліцу – дзе ж справядлівасць?

Вуліца зараз пагражае самому Куродаву і Марыі Бабаковай, пенсіянерцы. Рашэнне суда аб іх высяленні ўжо было – аднак калектыўнае разбіральніцтва з «Будтрэстам» прыпыніла дзеянне гэтага рашэння. Цяпер жа іх могуць выгнаць з жылля, у якім яны пражылі дзесяткі гадоў. Сяргей Куродаў мае намер змагацца:

– Мы прынялі рашэнне дзейнічаць і далей, дойдзем і да камітэта дзяржкантролю, і да Міністэрства ЖКГ, і да Адміністрацыі прэзідэнта. Сёння (21 красавіка – заўв. Лазоўскага) я быў у юрыста КДК, які мне сказаў, што ўсе нашыя дакументы маюць сілу і суд абавязаны быў іх прыняць. Цяпер мы будзем звяртацца ў разнастайныя інстанцыі – літасці не будзе. Раней было «ля-ля-ля», нейкая вера, дамоўленасці – усё, хопіць. Мы будзем дзейнічаць жорстка і даможамся праўды, – заявіў Сяргей Куродаў.