Ёй актыўна дапамагала зала – як аказалася, сумны досвед зносін з прадстаўнікамі сілавых структур ёсць у многіх.

Лойка, па яе ж словах, паспела прабегчыся толькі па асноўных момантах праблемы.

– У дзве гадзіны мы ўціснулі паўнавартасны аднадзённы семінар. Спадзяюся, калі-небудзь будзе магчымасць больш поўна спыніцца на гэтым пытанні, – сказала праваабаронца падчас лекцыі.

Падчас дыялогу з аўдыторыяй, Наста Лойка закранула правілы зносін з прадстаўнікамі сілавых структур, распавяла пра асноўныя аспекты складання пратаколу і працэсуальных правах, якія ёсць у любога грамадзяніна.

– На жаль, некаторыя міліцыянты забываюць растлумачваць права тым, каго яны затрымалі. Адбываецца гэта не толькі з-за нежадання – на жаль, часцяком праваахоўнікі самі не ведаюць гэтых правоў, – лічыць Наста. На яе думку, у Беларусі ніхто не застрахаваны ад міліцэйскага самавольства:

– Людзі неяк думаюць, што гэта іх не закране, што калі яны не ўдзельнічаюць у акцыях і не здзяйсняюць нічога супрацьпраўнага, то іх не будуць чапаць. А потым выходзяць у краму за малаком, а іх забіраюць у пастарунак з-за мітынгу, які адбываўся непадалёк. Засталіся пераследы па палітычных прычынах, засталіся планы па затрыманнях – гэта ўсё стварае не вельмі добрае асяродзе, – кажа Лойка.

Акрамя лекцыі, удзельнікаў сустрэчы чакала практычная частка. Аўдыторыя спрабавала знайсці памылкі ў копіі сапраўднага пратаколу па адной со спраў, якія мелі месца апошнім часам у Менску. Калі ўважліва чытаць пратакол і весці сабе ўпэўнена, лічыць Наста, “у будучыні можна пазбегнуць несправядлівага пакарання ці зменшыць яго“.

– Бачна, што сярод удзельнікаў семінара шмат людзей, якія ўжо мелі кантакты з міліцыяй і судамі, – падзялілася меркаваннем Лойка. На працягу ўсёй сустрэчы магілёўцы, сярод якіх былі і дзеючыя праваабаронцы, прыводзілі прыклады са свайго жыцця, а таксама рабілі важныя дапаўненні.

– Лічу, што семінар атрымаўся, паколькі сабралася дастаткова шмат людзей. Прычым людзей рознага ўзросту, розных інтарэсаў і сацыяльнага становішча. Пры гэтым іх аб’ядноўвала жаданне ведаць, як паводзіць сябе з супрацоўнікамі міліцыі. Гэта значыць, што тэма актуальная. Пасля семінара ўдзельнікі пакідалі станоўчыя водгукі – таму можна сказаць, што ўсё прайшло добра, – заявіла пасля мерапрыемства кіраўнік праваабарончай ініцыятывы «Цукар» Дыяна Якаўлева, арганізатар мерапрыемства.