Хто ж не любіць падчас працэсу пасядзець у пухавіку або патрымаць футра ў руках.

26 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – асабісты акаунт Валадара Цурпанава в Facebook.


Праваабаронца і грамадзкі дзеяч Валадар Цурпанаў ў адзін са сваіх паходаў у суд Магілёўскай вобласці звярнуў увагу на тое, што ўзімку наведвальнікам няма дзе пакінуць верхнюю вопратку. Часцяком паседжанні праходзяць не ў вялікіх залах, а кабінетах суддзяў. Месца там і так няшмат, а калі ўсе яшчэ застаюцца ў аб’ёмных пухавік і футрах, становіцца зусім цесна.

– Суд – адзіная інстанцыя, у якой жыхары могуць атрымаць магчымасць абараніць сябе і свае правы, і яна па сваім прызначэнні павінна аказваць павагу да грамадзяніна. А пра што сведчыць адсутнасць гардэробнага памяшкання? Пра пагарду да сваіх часовых наведвальнікаў, – адзначыў Цурпанаў ў кнізе для заўваг Магілёўскага абласнога суда.

Падобныя запісы ён пакінуў у кнігах заўваг раённых судоў Магілёва. Цурпанаў запатрабаваў прыняць захады па выпраўленню сітуацыі.

Старшыня Ленінскага раённага суда Галіна Кужалява у адказ паведаміла праваабаронцы, што пытанні матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання судоў Магілёўскай вобласці ўваходзяць у кампетэнцыю абласнога суда. Таксама яна нагадала, што ў кабінетах і залах ёсць вешалкі, дзе можна пакінуць верхнюю вопратку.

Старшыня Магілёўскага абласнога суда Ігар Прошка заявіў, што ў судзе Кастрычніцкага раёна адсутнічае падыходзячае для гардэроба памяшканне. Што да галоўнага суда вобласці, то там прастора, неабходная для гардэробнай, абсталявана. Праўда, скарыстацца ёй не атрымаецца:

– У сувязі з незапатрабаванасцю названага памяшкання, а таксама адсутнасцю ў штатным раскладзе Магілёўскага абласнога суда і раённых судоў такой пасады, як гардэробшчык, падстаў для задавальнення вашай просьбы не маецца, – напісаў Прошка.