Ні міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не будуць ініцыяваць папраўкі ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс у інтарэсах асуджаных маці.

 

Такім чынам жанчыны з груднымі дзецьмі, трапіўшы ў турму і далей будуць пазбаўлены права выконваць матчыны абавязкі. Згодна рэжыму яны абавязаны пастаянна жыць не з дзецьмі, а ў атрадзе, іх нават не вызваляюць ад дзяжурстваў. Маці могуць бачыцца са сваімі малымі толькі ў адведзены для гэтага час – гадзіна раніцай і пару гадзін вечарам.

 

Нагадаем, у жаночай папраўчай калоніі №4, якая размешчана ў Гомелі, адбываюць тэрмін прыкладна 1500 асуджаных, а колькасць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў трымаецца на ўзроўні каля трох дзясяткаў.

 

Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана прадастаўленне асуджаным да пазбаўлення волі сацыяльных адпачынкаў па дагляду за дзіцём да дасягнення ім узросту трох гадоў. На думку праваабаронцаў, гэта відавочная дыскрымінацыя, якая не апраўдваецца ніякімі аб’ектыўнымі меркаваннямі.

 

 

Праваабаронцы «Магілёўскай Вясны» распачалі спробу заклікаць улады да больш гуманнага абыходжання з жанчынамі. У Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама пятнаццаці дэпутатам Палаты прадстаўнікоў – членам камісій па правах чалавека і па працы і сацыяльных пытаннях былі накіраваны калектыўныя звароты з просьбай ініцыяваць змены ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс (КВК).

 

Праваабаронцы прасілі забяспечыць жанчынам з дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў, якiя адбываюць пакаранне, адпачынак па даглядзе за дзіценкам. Па іх логіцы, маці ў няволі павінны мець тыя ж правы, што і маці на свабодзе.

 

 

Аднак намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў у адказе растлумачыў, што асуджаныя да пазбаўлення волі прыцягваюцца да працы не на падставе працоўнага дагавора, а ў сувязі з асуджэннем. Сутнасць яго адказу мае сэнс працытаваць літаральна:

 

«Паколькі з асуджанымі, якія адбываюць пакаранне ў выпраўленчых установах, працоўныя дамовы не складаюць і яны не з’яўляюцца работнікамі, прырода праваадносін па прадастаўленні сацыяльных адпачынкаў асуджаным жанчынам не звязаная з заканадаўствам аб працы і не адносіцца да кампетэнцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны».

 

 

Адзін з аўтараў звароту Аляксандр Буракоў у каментары для MSPRING.ONLINE адзначае, што гэты абзац з’яўляецца квінтэсенцыяй стаўлення чыноўніка да праблемы. «Жанчыны, якія працуюць поўную змену ў прамзоне калоній нават не лічацца работнікамі», – тлумачыць праваабаронца.

 

Што ж тычыцца дэпутацкага корпуса, то пакуль атрыманы адказ ад намесніка старшыні Камісіі па правах чалавека Ліліі Ананіч (у мінулым – міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь). Дэпутат выказала меркаванне, што «змяненне падыходаў у прававым рэгуляванні праваадносін павінна вызначацца дзяржаўнымі органамі, у кампетэнцыю якіх уваходзяць пытанні адпаведнай жыццядзейнасці».

 

Таксама яна паведаміла, што ў працэсе разгляду звароту праваабаронцаў з удзелам прадстаўнікоў пэўных дзяржорганаў (не называючы іх – заўв.рэд.) не атрымалася выявіць адназначных падыходаў на карысць мэтазгоднасці змены КВК.

 

«Зыходзячы з вышэй сказанага, на дадзеным этапе не ўяўляецца магчымым падрыхтаваць папраўкі ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь», – рэзюмавала Лілія Ананіч.

 

 

Такім чынам, адзначае Аляксандр Буракоў, ствараецца ўражанне, што ўсёй гэтай сферай кіруе Дэпартамэнт выканання пакаранняў МУС – гэта значыць, «дзяржаўны орган, у кампетэнцыю якога ўваходзяць пытанні адпаведнай жыццядзейнасці» па азначэнні Ліліі Ананіч. А дэпутаты і міністры гатовыя толькі выконваць распараджэнні міліцыянтаў.

 

На думку праваабаронцы, перапіска з дзяржаўнымі органамі ў дадзеным пытанні зайшла ў тупік і хутчэй за ўсё будзе спыненая. Пры цяперашнім рэжыме відавочна нічога не зменіцца.

 

Засталася толькі адна інтрыга, кажа Буракоў – як адкажа самая маладая дэпутат Марыя Васілевіч. Раней у інтэрв’ю яна заявіла, што плануе заняцца дапрацоўкай законапраекта “Аб абыходжанні з жывёламі”. Гэта будзе маркер, што важней дэпутатам – абыходжанне з жывёламі альбо з маці ў турме.