Хтосьці дзякуе Качанавай, астатнія незадаволены амністыяй.

Галоўнае фота – ілюстратыўнае. Крыніца: nash-dom.info


Афіцыйны тэлеграм-канал Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ апублікаваў паведамленне з падзякай старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай ад імя «калектыву маці асуджаных непаўналетніх дзяцей па артыкуле 328 КК (Незаконны абарот наркотыкаў)».

Аўтары звароту выказалі ўдзячнасць чыноўніцы за яе ўклад у прыняцці Закона аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, «які падарыў год непаўналетнім дзецям па частцы 4 артыкула 328 КК РБ».

Ліст вытрыманы ў надзвычай хвалебным тоне:

«Вы асабіста правялі велізарны аб’ём работы для таго, каб гэта адбылося. Вы праявілі неацэнную чуласць, старанна разбіраліся ў гэтай праблеме, не шкадуючы ні сіл, ні часу», — пішуць аўтары звароту.

Частка 4 артыкула 328 КК кажа пра незаконны абарот наркотыкаў арганізаванай групай альбо спалучаны з вырабам наркатычных сродкаў з выкарыстаннем лабараторнага посуду або лабараторнага абсталявання для хімічнага сінтэзу, і прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў.

Само па сабе такое пакаранне для школьнікаў (адказнасць наступае з 14 гадоў) з’яўляецца непрапарцыйна суровым і парушае Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці. Але стаўленне да ч. 4 артыкула 328 КК фактычна раскалола рух «Маці 328». Асуджаныя па частках 1-3 не хочуць мець нічога агульнага з тымі, хто ішоў па 4-ай.

Новая амністыя рэальна не закранула асуджаных за нарказлачынствы, а змяншэнне 15-гадовага тэрміну на адзін год для адзінкаў з ліку непаўналетніх выглядае здзекам. На піку рух «Маці 328» складаўся з амаль паўтары тысячы ўдзельнікаў, а сёння за сваіх дзяцей змагаюцца не больш за 300 чалавек. На дадзены момант зноў змяніліся нефармальныя лідары, і рух зноў раздрабняецца на часткі, падазраючы адзін аднаго ў «зліве» інфармацыі.