Аргкамітэт праўладнай партыі “Дэмакратычны саюз” распачне спробу паўплываць на ўлады ў бок змякчэння антынаркатычнага заканадаўства.
Цяпер бацькі дзяцей, якія адбываюць тэрміны па артыкуле 328 КК сабралі каля 400 подпісаў пад петыцыяй уладам з просьбай “абмеркаваць канструктыўныя прапановы па змяненні і карэкціроўцы артыкулаў КК“.
Задача – сабраць яшчэ сотню і зварот будзе накіраваны ў адпаведныя органы. Стала вядома, што ў фокусе найперш будуць справы па частцы 4 артыкула 328 КК РБ.
Бацькі просяць правесці маніторынг і перагляд прысудаў, бо вялікая колькасць гэтых справаў была няправільна кваліфікаваная з-за недасканалай прапрацоўкі прававога поля ў сферы антынаркатычнага заканадаўства. Да большасці з асуджаных частка 4 насамрэч не прымяняльная.
Далей просяць даць дакладнае вызначэнне ў заканадаўстве АЗГ па 328 артыкуле (арганізаваная група). Прыводзіцца прыклад: не можа з’яўляцца злачыннай групоўкай група людзей, якая набыла ў адной інтэрнэт-краме наркотыкі і пасля прадала іх.
Бацькі, вядома, просяць амністыю – з прычыны маштабных парушэнняў і фальсіфікацый крымінальных спраў па арт. 328 КК РБ у перыяд з дня ўступлення ў сілу дэкрэта № 6 ад 28 снежня 2014 года. А пры пераглядзе арт.328 КК РБ (усіх частак) прыцягнуць медыкаў, бо наркаманія з’яўляецца захворваннем.
Акрамя таго, да асоб, якія набываюць і захоўваюць наркотык у малых дозах для асабістага ўжывання, разгледзець іншыя меры пакарання і адказнасці. Таксама прапануецца перагледзець табліцу памераў наркатычных рэчываў у бок павелічэння: 1-2 грама наркатычнага рэчыва альфа-pvp лічыць не буйным і не асоба буйным памерам.
Яшчэ прапануецца падзяліць наркотыкі хімічнага і расліннага паходжання. Сістэму вызначэння памераў наркатычных сродкаў змяніць на трохступовую: значны, буйны і асабліва буйны памер.
У дачыненні да непаўналетніх, асуджаных па артыкуле 328 КК аўтары петыцыі просяць вярнуць узрост крымінальнай адказнасці з 16 гадоў і ўстанавіць, што за здзяйсненне злачынства прадугледжанага ч. 4 арт. 328 КК РБ крымінальная адказнасць надыходзіць з узросту 18 гадоў. Таксама прапануецца адмяніць артыкул 411 КК “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі”.