Прызначаны грамадскія абмеркаванні.

22 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота аўтара

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Аб’ява пра пачатак грамадскіх абмеркаванняў была апублікавана ў абласной газеце «Магілёўскія ведамасці» за 12 красавіка.

ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» мае намер павялічыць магутнасці раней запраектаваных усталёвак вытворчасці тэхнічнага вугляроду № 3 і № 4. Пасля рэалізацыі праектных рашэнняў агульная магутнасць вытворчасці складзе 200 тыс. тон/год. Раней гэту лічбу ўжо анансавалі прадстаўнікі прадпрыемства праз беларускія СМІ.

З лістапада па снежань 2019 года павінна быць распрацавана праектная дакументацыя. Будаванне ўсталёвак №3 і №4 пройдзе ў 2020 годзе. Запуск, па задуме кіраўніцтва «Омск Карбон», павінен адбыцца не пазней за люты 2021 года.

«Павялічэнне магутнасці створаных вытворчасцяў будзе спрыяць выкананню праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і вобласці», – адзначаецца ў аб’яве, – Павялічэнне магутнасці дазволіць забяспечыць працоўнымі месцамі 119 чалавек».

Тэрміны правядзення грамадскіх абмеркаванняў пра ўплыў на навакольнае асяроддзе прызначаны з 15 красавіка па 15 траўня. Нягледзячы на тое, што аб’ява была апублікавана ў абласной газеце, яна засталася практычна незаўважанай. Як адзначае каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў, ён даведаўся пра грамадскія абмеркаванні толькі дзякуючы аднаму з жыхароў Вейна, які выпісвае «Магілёўскія ведамасці»:

– У інтэрнэце гэтай інфармацыі амаль няма, нават на сайце «Магілёўскіх ведамасцяў». Толькі аб’ява на сайце Магілёўскага райвыканкама, якую яшчэ трэба ўмець знайсці. Пытанне там у тым, што для правядзення сходу трэба было ў тэрмін да 26 красавіка накіраваць адпаведную заяву. Калі заявы няма – не было б і схода, – расказаў экалагічны актывіст.

За кароткі тэрмін ён разам з жыхарамі аграмястэчкаў Вейна і Навасёлкі падрыхтаваў калектыўнае і індывідуальныя заявы для правядзення сходу – сваё жаданне браць удзел у ім выказалі каля двух дзясяткаў чалавек. Адбудзецца яно 11 траўня ў актавай зале Вяйнянскага Цэнтра культуры і вольнага часу.