А мы яшчэ кошту «трыумфальнай аркі» дзівіліся.

25 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёўскі дом культуры вобласці нечакана зачыніўся на капітальны рамонт у лістападзе 2017 года. Усе запланаваныя мерапрыемствы кіраўніцтва ДК адмяніла або перанесла на іншыя пляцоўкі, у тым ліку касавы канцэрт поп-артыста Сяргея Пенкіна. Згодна з афіцыйнай пазіцыяй установы культуры, рамонт быў планавым.

Неабходнасць абнаўлення патлумачылі састарэннем канцэртнай залы і іншых памяшканняў, а таксама недагледжаным станам усяго ДК.

Але галоўная прычына рамонту, здаецца, у іншым. Менавіта дом культуры вобласці стане галоўнай пляцоўкай, якая прыме мерапрыемствы V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сюды ў госці чакаюць прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку і яго расійскага калегу Уладзіміра Пуціна.

Верагодна, таму рамонт ідзе з размахам. У апошнім выпуску праграмы абласнога ТБ «Сустрэнемся каля Астролага» выйшаў сюжэт аб ходзе работ:

Светлыя парадныя залы з пазалотай, люстэркамі, мармуровыя калоны і белы раяль у цэнтры – задумкі архітэктараў відавочна імкнуліся да палаца, – гаворыцца ў рэпартажы.

Тут жа называецца папярэдні кошт будаўніча-мантажных работ па капітальным рамонце – 10 млн. Рублёў. Гэта каля 5 мільёнаў даляраў.

Усе работы павінны быць завершаны да восені гэтага года. Ужо ў кастрычніку стартуе Форум рэгіёнаў. Мясцовыя ўлады разлічваюць, што арганізацыі, прадпрыемствы і рэгіёны заключаць на форуме новыя камерцыйныя кантракты і пагадненні на суму ў больш за $400 млн.