«У планах турніру не было. Патэлефанавалі ў пятніцу і сказалі, што трэба заняць час».
2 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота аўтара
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
1 траўня ў Магілёве мусілі адбыцца адразу два санкцыянаваных пікеты. Палітыкі Алег Аксёнаў і Уладзімір Шанцаў збіраліся патрабаваць пераносу завода «Омск Карбон Магілёў» на радзіму прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Александрыю. Праваабаронцы і валанцёры «Магілёўскай вясны» вырашылі пацешыцца «Манстрацыяй» – традыцыйным абсурдным мерапрыемствам, якое праводзіцца ў дзесятках гарадах.
Абедзве групы гарантавалі Магілёўскаму гарвыканкаму своечасовую аплату і парадак, а таксама падалі паведамленне на адзінае дазволенае месца для масавых сходаў у горадзе – стадыён па вул. Чалюскінцаў.
Нягледзячы на фармальна правільныя заяўкі гараджан, магілёўскія ўлады вырашылі не дапусціць пікетаў – спецыяльна арганізавалі ў патрэбны час футбольны турнір для мясцовых дзяцей. А каб у праваабаронцаў і апазіцыянераў не было спакусы трывожыць моладзь сваімі плакатамі, міліцыя была гатовая «прыняць» асабліва актыўных.
ХВОРЫЯ НА ФУТБОЛ
Аляксей Колчын і Аляксандр Буракоў з «Магілёўскай вясны» адмыслова пад’ехалі да пачатку матчаў, каб пераканацца ў тым, што яны там наогул будуць праводзіцца.
– Пікет Шанцава і Аксёнава мусіў адбыцца ў 12 гадзін дня. Наш – у 15:00. Улады арганізавалі турнір з 12 да 15:30 – якое дзіўнае супадзенне, – з сарказмам адзначыў Буракоў.
Ён сказаў, што першапачаткова яны з калегамі сумняваліся ў тым, што турнір рэальны:
– Мы цалкам дапускалі, што турнір існуе толькі на паперы, абы не даць гараджанам правесці пікеты. Але памыліліся – трэба сказаць, што на стадыёне было шмат людзей, чалавек пад дзевяноста. Праўда, я сумняюся, што дзецям спадабалася гуляць на такім стадыёне, – сказаў Буракоў.
Ніякага афіцыйнага пачатку турніру не было. Проста ў нейкі момант два дзесяткі чалавек выйшлі ў цэнтр поля, пастроіліся і пачалі гуляць. Калі, вядома, забегі па зарослым полі можна назваць гульнёй. Паклапаціўшыся аб тым, каб не дапусціць пікеты, улады нават не знайшлі час распарадзіцца пастрыгчы траву на стадыёне. Атрымаўся ідылічны турнір па футболе сярод дзьмухаўцоў на амаль што лузе.
На бяспеку і здароўе дзяцей таксама забілі. Ад грамадзян улады патрабуюць абавязковага заключэння дамоваў з міліцыяй, «хуткай» і камунальнымі службамі, нават калі чалавек хоча правесці адзіночны пікет. Тут жа гуляла пад сотню дзяцей, але ні медыкаў, ні аховы ў перыметры стадыёна не было. Гэта прытым, што футбол значна больш траўматычная забаўка ў параўнанні з пікетам.
Разыначкай стала тое, што дзецям нават не было дзе пераапрануцца – яны распраналіся прама каля плота, пакідаючы свае рэчы прама на разбітай бегавой дарожцы.
Мясцовы жыхар, які прадставіўся Вячаславам, спытаў у мяне, што ж тут адбываецца:
– Футбольны турнір, – адказаў я.
Мужчына здзівіўся:
– Дык яны хоць бы траву пакасілі! На гэтым стадыёне ўжо гадоў дзесяць ніхто ў футбол не гуляе, нават трыбуны знеслі. Чаму сюды дзяцей загналі-та?
Я паціснуў плячыма.
– Я тут сам раней гуляў, але гэта было гадоў дваццаць таму. А наогул тут пад сотню матчаў правёў наш алімпійскі чэмпіён Сяргей Гарлуковіч, ён тут недалёка, на вуліцы Льва Талстога жыве. Тады яшчэ стадыён “Хімік” называўся. А зараз тут гуляць небяспечна, паразбіваюцца жа ўсе, – выказаў сваё меркаванне Вячаслаў і пайшоў.
ЧАСОВЫ ПАРАДОКС
Самі дзеці, склалася ўражанне, не зусім разумелі, што гэта за турнір. Адзін з хлопцаў на пытанне, што тут адбываецца, сказаў, што «футбол, трэнер запрасіў паўдзельнічаць». Але што менавіта гэта за турнір – ён не ведаў.
Як распавёў адзін з трэнераў, пра турнір у яго арганізацыі даведаліся раптоўна:
– У пятніцу патэлефанавалі адтуль [паказвае пальцам уверх], сказалі, што 1 траўня трэба з 12 да 16 гадзін правесці футбольны турнір. Гэта добра, таму што, як правіла, вельмі цяжка дамовіцца з якой-небудзь пляцоўкай наконт спаборніцтваў. Але гэтага турніру ў нас у планах не было. Многія дзеці раз’ехаліся на 1 траўня. Таму давялося збіраць і 2002 год нараджэння, і 2006 год нараджэння, – паведаміў ён.
Цікаўнымі з’яўляюцца словы пра пятніцу. Праваабаронцы сваё апавяшчэнне на пікет накіравалі 19 красавіка ўвечары (пятніца). 24 красавіка (серада) яны атрымалі адказ аб тым, што, нажаль, «Манстрацыя» не адбудзецца з-за футбольнага мерапрыемства. Калі ж спартовым інструктарам паведамілі пра тое, што яны ўдзельнічаюць у турніры толькі пятніцу, то гэта, відавочна, 26 красавіка. Гэта значыць пра спаборніцтвы спачатку распавялі заяўнікам пікету і толькі потым, відаць, арганізавалі іх.
Трэнер адзначыў, што ён не ведае, чаму уладам так раптам захацелася правесці турнір. Паводле яго слоў, ніколі на стадыёне па вул. Чалюскінцаў футбол не праводзіўся – занадта «забітая» пляцоўка:
– Тут нават трыбун няма, дзеці пераапранаюцца на хаду. Не кажучы ўжо пра душавыя і іншае. Газон ня падстрыжаны зусім. Тут недалёка ёсць школа, дык там стадыён значна лепш і ён вольны. Чаму там не зладзіць спаборніцтвы? Акрамя таго, мы мала гуляем 11 на 11 на поўнапамерным полі – малым вунь нават бегаць цяжка. Звычайна даюць пляцоўкі меньш, – разважаў услых спартыўны настаўнік.
Паводле яго слоў, ніякіх паведамленняў у СМІ аб футбольным турніры не было і гэта – самая вялікая праблема:
– Цяжка папулярызаваць спорт, калі нават ніхто не прыйшоў з журналістаў і не было анонсаў турніру, – паскардзіўся ён.
УСЯ ЖЫЦЦЁ – ФУТБОЛ, А МЫ Ў ІМ – БЕЛАРУСЫ
Зрэшты, тое, што адбываецца на полі хтосьці здымаў на камеру. Дакладней, здымалі тых, хто быў за яго межамі. Двое супрацоўнікаў ці то міліцыі, ці то КДБ у грамадзянскім назіралі за тым, як на пляцоўку з’явіліся магілёўскія «вясноўцы» і некаторыя журналісты апазіцыйных СМІ. Іх яны фіксавалі на камеру. Пазней праваабаронцы і прадстаўнікі СМІ падышлі да «ціхароў» пазнаёміцца. Падчас размовы высветлілася, што тыя чакалі магчымых несанкцыянаваных пікетаў. У нейкі момант з’явілася нават патрульная машына з АМАП, але, праўда, усё абыйшлося.
– Так а што тут збіраліся праводзіць? – спытаў немалады сілавік ў цывільным адзенні з камерай.
– Пікет за перанос «Омск Карбону» і «Манстрацыя», – адказаў адзін з журналістаў.
– А «Манстрацыя» што такое? – пацікавіўся сілавік.
Яму далі адказ, што гэта масавае мерапрыемства з абсурднымі плакатамі. Хаць, як падаецца, сапраўдная «Манстрацыя» – гэта прымушаць дзяцей бегаць у футбол на закінутым стадыёне з разбітымі бегавымі дарожкамі і без трыбун.