Уладзімір Цумараў абвінаваціў жыхароў горада ў адсутнасці парадку ў дамах і на прылеглых тэрыторыях.

5 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – city.mogilev.by


Старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў 5 верасня скарыстаўся метадалогіяй беларускага прэзідэнта і абляцеў Магілёў на верталёце МНС.

Зрабіў ён гэта ў межах «месячніка па навядзенні парадку і падрыхтоўцы аб’ектаў да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі”.

Нагадаем, што ў канцы жніўня кіраўнік горада абвясціў чатыры суботнікі запар – такое ў гісторыі Магілёва постсавецкага перыяду адбылося ўпершыню.

Цумарава з вышыні птушынага палёту парадаваў парадак на прадпрыемствах і заводах. Асабліва, калі верыць карэспандэнту БелТА, яму спадабалася чысціня і падрастаючы газон на былой тэрыторыі завода штучнага валакна.

А вось магілёўцамі і іх прыватнай уласнасцю Уладзімір Цумараў быў незадаволены і нават прыгразіў ім «адміністрацыйкай»:

Нашы людзі яшчэ не разумеюць, што навядзенне парадку ў іх уласных дамах і прылеглых да іх тэрыторыях – гэта ў большасці выпадкаў іх клопат. Таму ў бліжэйшы час мы сканцэнтруем увагу на прыватным сектары. Падключым да гэтай працы кантралюючыя службы, і, дзе не дапамогуць ўгаворы, будзем звяртацца да адміністрацыйных санкцый i караць рублём нядбайных уладальнікаў домаўладанняў,цытуе магілёўскага кіраўніка БелТА.

V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Магілёве 11-12 кастрычніка. Чакаецца, што на яго прыедуць прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.