Намеснік начальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін паведаміў праваабаронцы Аляксандру Хамратаву, што слядоў правапарушэння ў дзеяннях Марзалюка на Маршы недармаедаў не выяўлена.

5 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі


Міліцыя спыніла справу яшчэ 24 кастрычніка – праз 10 дзён пасля заявы Хамратава, аднак адказ яму прыйшоў толькі 4 траўня. Юрый Калацілкін паведаміў праваабаронцы, што прыцягнуць дэпутата Ігара Марзалюка да адміністрацыйнай адказнасці нельга, паколькі супрацоўнікі МУС не ўгледзелі ў яго дзеяннях складу правапарушэння.

Аляксандр Хамратаў не пагадзіўся з такім рашэннем і 5 траўня падаў скаргу ў суд Ленінскага раёна:

– 15 сакавіка 2017 года іншыя грамадзяне, як і Марзалюк, прымалі ўдзел у мітынгу, за што атрымалі штрафы і адміністрацыйныя арышты тэрмінам да 15 сутак. Довады Юрыя Калацілкіна супярэчаць закону, ўстоянай судовай практыцы, а таксама артыкулу 2.12 ПВКаАП, згодна з якім усе роўныя перад законам.

Ён папрасіў раённы суд адмяніць пастанову Ленінскага РАУС. У выпадку, калі гэтага не будзе зроблена, праваабаронца гатовы дайсці да Вярхоўнага суда.