У дачыненні да магілёўца Станіслава Паўлінковіча ўжо некалькі месяцаў праводзіцца праверка па факце распаўсюджвання парнаграфіі.

2 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


7 сакавіка ў актывіста Станіслава Паўлінковіча падчас ператрусу канфіскавалі кампутарную тэхніку, з дапамогай якой, на думку міліцыі, ён распаўсюдзіў парнаграфічны матэрыял 6 гадоў таму. Пры гэтым ніякіх пратаколаў канфіскацыі, як кажа Паўлінковіч, складзена не было.

Баючыся таго, што яго тэхніка бясследна знікла, актывіст звярнуўся ў Ленінскі РАУС з заявай вярнуць яму кампутар і паведаміць статус па справе.

Начальнік Ленінскага РАУС Аляксандр Шчарбакоў у адказ на гэта паведаміў, што сістэмны блок і манітор Паўлінковічу пакуль перадаваць не будуць. У дачыненні да магілёўца, як напісаў міліцэйскі начальнік, да гэтага часу праводзіцца праверка, матэрыялы якой знаходзяцца ў пракуратуры і могуць быць накіраваныя ў Следчы камітэт для распачынання крымінальнай справы.

Па словах Станіслава Паўлінковіча, ён расцэньвае гэта як спробу ціску за яго палітычную дзейнасць.

З ім салідарны таксама праваабаронца Барыс Бухель:

– Фактычна ён знаходзіцца на “кручку” у супрацоўнікаў міліцыі і яны могуць даць справе ход у любы момант. Пры гэтым праверка доўжыцца ўжо паўгады. Гэта доўга.

Праверка ў дачыненні да Станіслава Паўлінковіча была распачата на падставе скрыншота яго старонкі ў сацыяльнай сетцы 6-гадовай даўніны. У ім, на думку міліцыі, ўгледжваецца факт распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў. Сам Паўлінковіч гэта адмаўляе і заяўляе, што нічым падобным ніколі не займаўся. На яго думку, скрыншот не можа быць доказам яго віны, паколькі там нічога нельга разглядзець. Пераслед з боку міліцыі ён звязвае са сваім удзелам у розных палітычных акцыях, у тым ліку ў “Маршы недармаедаў”.