Варта ўжо ўводзіць дэфініцыю «Феномен Кісцянёва».
8 верасня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі. На здымку – журналіст Уладзімір Лапцэвіч
У Магілёве да гэтага часу не могуць разабрацца, што рабіць з супрацоўнікам Адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанцінам Кісцянёвым.
Нагадаем, 29 красавіка ў будынку Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва адбыўся сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”. Члены кааператыва запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак прадстаўнік раённай улады Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу. Той напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якой папрасіў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці за перашкоду журналісцкай дзейнасці.
З 29 красавіка міліцыя тройчы адмаўлялася ўзбуджаць адміністрацыйную справу ў дачыненні да Кісцянёва. Першыя дзве пастановы аб спыненні праверкі выносілі ўчастковыя інспектары Ганчаронак і Шмаянкоў. Суд Ленінскага раёна абодва разы усталёўваў, што міліцыянты бязладна паставіліся да сваіх абавязкаў і двойчы накіроўваў матэрыялы справы на новы разгляд.
Трэцяй пастановай адмовіў ужо начальнік РАУС Аляксандр Шчарбакоў. Сваю пазіцыю ён акрэсліў досыць проста – пераказаў тое, што пазначыў у сваёй пастанове Шмаянкоў, плюс дадаў, што “факт самаўпраўнасці з боку Кісцянёва К.У. не пацверджаны, а таксама не устаноўлены iншыя сведкі і відавочцы правапарушэння”.
Уладзімір Лапцэвіч ацаніў стараннасць міліцэйскага начальніка ў расследаванні і падаў скаргу на пастанову. У трэці раз.
7 верасня суддзя Аксана Ратнікава адмяніла пастанову Ленінскага РАУС і накіравала матэрыялы на новую праверку. Таксама ў трэці раз.
Адначасова журналіст БелаПАН паскардзіўся на Аляксандра Шчарбакова ў гарадскую пракуратуру. Пракуратура, дарэчы, раней казала РАУС спыніць праверку ў дачыненні да Кісцянёва, але з іншай нагоды – з-за мінулых тэрмінаў.
– Начальнік Ленінскага РАУС Аляксандр Шчарбакоў не палічыў патрэбным выконваць дадзеныя пракуратурай пісьмовыя ўказанні аб спыненні ў дачыненні да Кісцянёва справы ў сувязі са сканчэннем тэрміну накладання адміністрацыйнага спагнання. Ён прыняў пастанову, аналагічную па сутнасці з пастановай ўчастковага Шмаянкова, якому вынеслі афіцыйнае папярэджанне, – заявіў Лапцэвіч.
Ён папрасіў пракурора даць прававую ацэнку дзеянням кіраўніка РАУС і прыцягнуць Аляксандра Шчарбакова да адказнасці.