За гэта ўчастковага інспектара пакаралі рублём.
12 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
12 верасня 2017 года журналіст Уладзімір Лапцэвіч падаў заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанціна Кісцянёва. На думку карэспандэнта ІА «Белапан», чыноўнік перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, калі ў траўні таго ж года не даў трапіць на пасяджэнне гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”.
– Мяне туды паклікалі члены кааператыва як журналіста, аднак Кісцянёў сказаў, што доступ мне туды забаронены, паколькі я не састаю у кааператыве, – растлумачыў журналіст.
Усё лета і вялікую частку восені Лапцэвіч спрабаваў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці. Ленінскі РАУС некалькі разоў адмаўляўся пачынаць працэс, аднак журналіст праз суд дабіваўся вяртання матэрыялаў справы на новы разгляд.
У верасні Уладзімір заявіў яшчэ і на ўзбуджэнне крымінальнай справы. Намеснік начальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін адказаў, што заява будзе далучана да матэрыялаў адміністрацыйнага працэсу, паколькі ніякіх новых фактаў, на думку міліцыянта, журналіст не прадставіў.
Калі міліцыя ў чарговы раз адмовілася караць чыноўніка, Лапцэвіч паскардзіўся ў абласное УУС. Журналіст вельмі моцна здзівіўся, калі даведаўся, што заява на ўзбуджэнне крымінальнай справы кудысьці прапала.
– УУС Магілёўскага аблвыканкама прызначыла з гэтай нагоды службовую праверку. Пару дзён таму мне прыйшоў ліст ад намесніка начальніка Сяргея Волкава, у якім той прызнаў факт нядбайнага стаўлення да дакументаў. Ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Ганчаронка прыцягнулі да матэрыяльнай адказнасці, – распавёў Лапцэвіч.