Тэзісы і аўдыё аб тым, з якімі праблемамі беларусы сутыкаюцца за мяжой і з якімі праблемамі сутыкаюцца замежнікі ў Беларусі.
Праваабарончая рэгіянальная каманда ПЦ “Вясна” MAYDAY запусціла серыю анлайн-ток-шоў, у якіх прапануе разабрацца, як змянілася жыццё ўразлівых груп у Беларусі пасля падзей 2020 года.
30 лістапада адбыўся першы стрым «Мігранты, якіх (не) любяць: як успрымаюць беларусы і беларусаў» з экспертамі Валдзісам Фугашам і Алесяй Пажытак.
Валдзіс Фугаш – адзін з са-заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі Human Constanta (Беларусь). Арганізацыя спецыялізуецца, у тым ліку, і на абароне правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.
Алеся Пажытак – юрыстка Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве. Арганізацыя дапамагае беларусам, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі і праз гэта былі вымушаныя пакінуць Беларусь. З лютага 2022 года ЦБС дапамагае таксама і ўкраінцам, якія пакінулі сваю радзіму з-за расійскай ваеннай агрэсіі.
MSPRING.MEDIA сабраў галоўныя тэзісы сустрэчы.
З лета 2020 года тысячы, мільёны людзей з нашага рэгіёну [у тым ліку з Украіны] спазналі вымушаную эміграцыю. Многія прайшлі падвойнае і нават патрайное перамяшчэнне.
Грамадзяне замежных дзяржаў часта ўтрымліваюцца наўпрост ў ІЧУ. Вялікае пытанне, куды падзеліся грошы, выдзеленыя Еўрасаюзам па дамове на рэнавацыю спецыяльных цэнтраў для ўтрымання мігрантаў. Большасць зараз утрымліваецца ў ІЧУ, у неспецыялізаваных цэнтрах. І яны сядзяць тамака доўгі час.
Да падзей 2020 года тэмы масавай беларускай міграцыі ў Польшчу ў парадку дня ўвогуле не было. Потым наступіў 2020 год. Беларусы ратаваліся ад рэпрэсій і ехалі, у тым ліку, у Польшчу. Беларусы сутыкнуліся з тым, што там ім былі рады. Было шмат зроблена на ўзроўні грамадскіх арганізацый, дзяржавы. Пры гэтым як такой сілы – беларускай дыяспары – асабліва не было. Але пасля пачатку вайны сітуацыя памянялася. Гэта абумоўлена дзеяннямі людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе ў Беларусі. Польскаму абывацелю “да лямпачкі”, ён не будзе разбірацца ў тонкасцях. Ён чуе “Беларусь”, “ракета”, “у бок Украіны”. Гэта фармуе іх стаўленне. Стаўленне ўкраінцаў да беларусаў Польшчы таксама рознае. Адна з праблем на сённяшні дзень – дыскрымінацыя. На жаль, з боку польскіх уладаў зроблена недастаткова, каб гэтую дыскрымінацыю пераадолець. Калі б польскія палітыкі з кожнага праса казалі б, што беларусаў і Лукашэнку трэба раздзяляць, сітуацыя была б іншай. Пытанне беларусаў сыйшло на іншы план і мы засталіся з гэтай праблемай сам-насам. Праваабарончыя арганізацыі займаюцца гэтай праблемай кропкава.
Яшчэ адна праблема – легалізацыя беларусаў у Польшчы. Беларусы шмат у чым жывуць 2020 годам, думаючы, што яны вернуцца. Яны не будуюць выявы будучыні на тэрыторыі Польшчы. Яны самі ставяць сябе ў такі падвешаны стан і не інтэгруюцца ў мясцовую супольнасць, нават часова. І з гэтым таксама трэба праводзіць каласальную працу.
У Польшчы прасочваюцца розныя адносіны да мігрантаў, умоўна, у адносінах да беларусаў і ўкраінцаў і да ўмоўных выхадцаў з Чачні, Дагестана і іншых рэспублік Паўночнага Каўказа. Яны выглядаюць інакш, у іх іншыя парадкі, іншая рэлігія.
Сітуацыя пасля лютага 2022 года – унікальная. Новыя працэдуры прыдумляліся з улікам палітычнага кантэксту. Да прыкладу, сітуацыя для людзей з так званых “белых” краін – гэта адна сітуацыя. Для людзей з Паўночнага Каўказа, Чачні, Дагестана, Сірыі, Курдыстана – гэта, на жаль, іншая сітуацыя: сістэма прывілеяў, сістэмны расізм – іншая сітуацыя.
Беларускім рэжымам быў штучна створаны гуманітарны крызіс з удзелам выхадцаў з Курдыстану, Сірыі, Ірака і іншых краін. Гэта цалкам адрозніваецца ад сітуацыі, якая склалася ў свой час на канале “Брэст-Цярэспаль”. Чаму людзі не могуць карыстацца прадугледжанымі шляхамі, пайсці на памежны пункт з пашпартам ці без пашпарта і сказаць аб прычынах, чаму ён бяжыць? Беларускія сілавікі і ўлады прымушаюць ісці людзей “зялёнкай”. З’явіліся відэа, якое дэманструе, як людзі ішлі калонай на памежны пункт. Яны ўвесь шлях, з Курдыстана ўмоўнага, з іншых краін, усё рабілі па нормах. Яны ішлі далей у Еўразвяз. Але літаральна за кіламетр-паўтара да памежнага пункта людзі са зброяй, беларускія сілавікі прымушалі мяняць маршрут. Гэта значыць, фактычна самі прадстаўнікі беларускай дзяржавы прымушалі парушаць законы.
Гуманітарны крызіс, развязаны штучна, адышоў на другі план на фоне вайны. Аднак ён нікуды не падзеўся і па-ранейшаму закранае тысячы людзей. Беларускія ўлады свядома падтрымліваюць гэты крызіс.
Спроба “накіраваць” мігрантаў на тэрыторыю Украіны, у Жытомірскую вобласць – гэта спроба беларускіх уладаў “прамацаць” мяжу з паўднёвым суседам. Цалкам верагодна, што людзі нават не ведалі і не ведаюць, куды іх накіроўваюць.
Што рабіць, калі перасёк мяжу з Польшчай нелегальна? Такім людзям трэба адразу звяртацца па міжнародную абарону, каб паказаць памежным службам, што вы не просты парушальнік, а сапраўды былі прычыны для таго, каб бегчы з краіны.
Мы з’яўляемся нябачнымі бежанцамі. Нас дзясяткі тысяч людзей, якім небяспечна знаходзіцца ў Беларусі. Мы нябачныя ні для краін, у якіх мы знаходзімся, мы нябачныя і для міжнароднай палітыкі. Калі размова ідзе пра Украіну і ўкраінскіх бежанцаў – гэта салідная з’ява, па лічбах. Кожны можа паглядзець статыстыку, убачыць колькасць, і зразумець, што патрэбны спецыяльныя законы. Пакуль мы ўладкоўваемся праз часовыя рашэнні, праз часовыя рэлакацыі, мы не паказваем сваёй колькасцю той узровень прававога дэфолту, таго ўзроўню парушэння правоў чалавека, з-за якога людзям прыйшлося з’ехаць з Беларусі.
А вось тут можна паслухаць адпаведны падкаст:
Youtube
Soundcloud