Відаць, несумленныя метады барацьбы перавандравалі з сектара кідання молата ў выбарчую кампанію.

14 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Праваабаронцы выявілі парушэнні з боку кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага гарадскога Савета Аксаны Мяньковай. Па дамах, якія адносяцца да Завадской акругі №2, дзе вылучаецца спартсменка, актыўна распаўсюджваюцца агітацыйныя матэрыялы, якія не адпавядаюць заканадаўству.

У артыкуле 45 Выбарчага кодэкса пазначана, што ўсе друкаваныя агітацыйныя матэрыялы павінны ўтрымліваць выпускныя дадзеныя. Гэта найменне і адрас арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка), якая вырабіла агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, нумар пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі вытворцы друкаваных выданняў і дату яго выдачы, тыраж і нумар заказу, прозвішча і ініцыялы заказчыка.

Па скрынях распаўсюджваецца адразу тры віды ўлётак у падтрымку Мяньковай. Адна з іх (на галоўным фота) адпавядае патрабаванням, выкананая ў колеры і якасна.

Да яе пры дапамозе стэплера прымацаваны яшчэ адзін ліст паперы з загалоўкам «Біяграфічныя дадзеныя». Гэта звычайная палова ад фармату А4, прычым неакуратна абрэзаная і аддрукаваная. Ніякіх выходных дадзеных там няма.

Як няма іх і на трэцім аркушы, відавочна надрукаваным на прынтары з некаляровай фарбай, якая заканчваецца.

У 2008 годзе спартсменка заваявала залаты медаль у кіданні молата на Алімпійскіх гульнях-2008 у Пекіне. Адначасова Мянькова ўстанавіла рэкорд спаборніцтваў, кінуўшы снарад на 76 м 34 см.

У лістападзе 2016 года Міжнародны Алімпійскі камітэт прызнаў, што Аксана Мянькова парушыла антыдопінгавыя правілы і пазбавіў яе алімпійскага медаля. Па дадзеных МАК, у спробе дзяўчыны знайшлі турынабол і аксандралон – анабалічныя стэроіды, якія павышаюць моц і трываласць чалавека. Спартсменка не падавала апеляцыю і ня спрабавала аспрэчыць рашэнне МАК.

Дарэчы, у аўтабіяграфіі кандыдата няма ніводнага слова пра выступ на Алімпійскіх гульнях і яго наступствах.