Споўніўся роўна год, як праваабаронцы «Магілёўскай вясны» пачалі кампанію па прывядзенню ўмоў утрымання ў СІЗА ў адпаведнасць з Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН.

2 чэрвеня. Магілёў. Саша Мінько


У адказ на чарговыя аргументы праваабаронцаў МУС і Міністэрства аховы здароўя далі два розных адказу.

Часова выконваючы пасаду начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Іван Мысліцкі паабяцаў улічыць прапановы праваабаронцаў у частцы ўстанаўлення патрабаванняў да натуральнага асвятлення камер месцаў утрымання пад вартай «пры планавай перапрацоўцы нарматыўных прававых актаў».

А вось Міністэрства аховы здароўя палічыла, што распрацоўка асобных санітарных норм і правілаў для ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС у цяперашні час з’яўляецца немэтазгоднай.

Праваабаронцы выявілі шэраг супярэчнасцяў у беларускім заканадаўстве. Так, на дадзены момант (з пункту гледжання МУС) камеры месцаў утрымання пад вартай да жылых і грамадскіх будынкаў не адносяцца.

А значыць звычайныя Санітарныя нормы і правілы на іх не распаўсюджваюцца. У адпаведнасці ж з адзінай класіфікацыяй Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі будынка следчых ізалятараў і турмаў з’яўляюцца спецыялізаванымі.

Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусь маецца асобная катэгорыя будынкаў – спецыялізаваныя будынкі МУС, якія выкарыстоўваюцца ў якасці месцаў утрымання пад вартай (СІЗА, турмы, арыштныя дома і інш), для якіх Санітарныя нормы і правілы, а таксама гігіенічныя нарматывы не зацверджаныя.

Адзін з аўтараў звароту ў МУС і Міністэрства аховы здароўя Саша Райкан адзначае, што абодва адказы можна лічыць абнадзейваючымі.

 Па-першае, МУС ўсё ж разумее неадпаведнасць умоў утрымання ў беларускіх СІЗА Мінімальным стандартным правілам ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі, ды і проста духу часу.

А па-другое, Міністэрства аховы здароўя ў сваім адказе ўсё ж намякае, што дзейнага заканадаўства павінна хапаць, каб, напрыклад, зрэзаць з вокнаў СІЗА так званыя металічныя жалюзі («вейчыкі») – металічныя палоскі шырынёй 5-6 сантыметраў, густа прывараныя да кратаў пад вуглом 45 градусаў, якія ператвараюць камеры СІЗА ў пакой катаванняў.

Намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава піша, што агульныя прынцыпы і парадак арганізацыі медыцынскага забеспячэння, уключаючы ўмовы размяшчэння, асоб, якiя ўтрымлiваюцца ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС Рэспублікі Беларусь, устаноўленыя Інструкцыяй па медыцынскім забеспячэнні асоб, якія ўтрымліваюцца ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС, зацверджанай пастановай МУС і Міністэрства аховы здароўя. І пункт 88 Інструкцыі, адзначае Жукава, абвяшчае, што камеры павінны быць сухімі, вентыляванымі і забяспечаны натуральнай і штучнай асветленасцю.

На справе ж, адзначаюць магілёўскія праваабаронцы, камеры СІЗА вільготныя, дзённае святло ў іх не пранікае зусім з-за ўжывання «вейчыкаў».

А калі хто-небудзь з арыштаваных паліць, то для не-палячых знаходжанне там ператвараецца ў дадатковае катаванне.

Цяпер праваабаронцы папрасілі Міністэрства аховы здароўя растлумачыць, якія ж паказчыкі асвятлення, якія гэтае ведамства абавязана нарміраваць, дзейнічаюць паводле вышэйпазначанай Інструкцыі. Пасля адказу яны абяцаюць пачаць другі этап кампаніі.