Парламентарый з Магілёва зрабіў некалькі вогненных выказванняў у інтэрв’ю” “Магілёўскім ведамасцям”.

23 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акругі №84 Ігар Марзалюк паўдзельнічаў у журналісцкім праекце “Удваіх” газеты “Магілёўскія ведамасці”. У прыватнасці, ён распавёў пра сваё стаўленне да савецкіх лідараў..

Леніна парламентарый назваў “пераможцам” і тут жа заявіў, што“пераможцам помнікі не зносяць“.

Леаніда Брэжнева Марзалюк лічыць “змагаром за мір ва ўсім свеце”, “абылганым і незразуметым да гэтага часу”.

Самы адыёзны з усіх савецкіх генсакаў – Іосіф Сталін – таксама атрымаў порцыю пахвалы ад магілёўскага гісторыка.

– Для мяне Сталін – чалавек, які кіраваў краінай на працягу 30 гадоў і ўвасабляў усю ўладу ў ёй. А ўладу, якая б яна ні была, трэба паважаць, гэта час жыцця маіх дзядоў і бабуль, бацькоў, і проста так выкрасьліць гэты перыяд з гісторыі нельга,- заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Кажучы пра рэпрэсіі 30-х гадоў, Ігар Марзалюк прыгадаў нобелеўскай лаўрэатцы Святлане Алексіевіч яе заклікі да прэзідэнта Беларусі пакаяцца і папрасіць прабачэння ў народа і свету, на дэпутат завочна адказаў, што“ён згодны, толькі скажыце, перад кім і за што“.

Менавіта Аляксандру Лукашэнке дасталася больш за ўсё пахвальных слоў ад Ігара Марзалюка. На думку гісторыка, менавіта дзякуючы асабістым намаганням Лукашэнкі “Беларусь на сёння застаецца, бадай, адзінай тэрыторыяй на постсавецкай прасторы, максімальна бяспечнай для пражывання людзей”.