Археолаг і былы член Савета Рэспублікі Ігар Марзалюк стаў кіраўніком камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Пры гэтым супраць яго прагаласавала 6 чалавек.

13 кастрычніка. Мінск. Ігар Лазоўскі


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 13 кастрычніка абралі членаў і старшыняў пастаянных камісій Парламента. Ігар Марзалюк, як і іншыя кандыдаты на старшынства ў камісіях, быў вылучаны на безальтэрнатыўнай аснове. Аднак па выніках тайнага галасавання высветлілася, што супраць яго выступілі 6 чалавек. Больш галасоў «супраць» сабраў толькі былы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, які ўзначаліў парламенцкую камісію па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.

Пры гэтым адзін чалавек пры галасаванні за Марзалюка устрымаўся – такім чынам, і ён, і Цупрык сабралі па 102 «За» са 109 магчымых.

Ігар Марзалюк у апошні час вядомы сваёй прапановай штрафаваць тых беларусаў, хто не ходзіць на выбары.

Археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар МДУ ім. А. А. Куляшова быў абраны кандыдатам у дэпутаты па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84. Пры гэтым ён адзіны кандыдат з Магілёўскай вобласці, хто набраў менш за 50% галасоў.