Вось гэта інтрыга, вось гэта да.
10 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Увага! Пры выкарыстанні або перадруку дадзенага матэрыялу ў іншых інтэрнэт-крыніцах, згадванне сайта MSPRING.ONLINE з гіперспасылкай на арыгінальны тэкст абавязкова ў першым абзацы!
Акруговая выбарчая камісія па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84 зарэгістравала 10 верасня ініцыятыўную групу вылучэнца ў кандыдаты ў дэпутаты Ігара Марзалюка.
Марзалюк з’яўляецца дзеючым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па гэтай жа акрузе. На мінулых парламенцкіх выбарах 2016 года ён стаў адзіным з магілёўскіх дэпутатаў, каму выбаркамы афіцыйна прыпісалі менш за 50% галасоў падтрымкі.
Можна дакладна сказаць, што менавіта Ігар Аляксандравіч стаў самым гучным «народным выбраннікам» – яго словы і дзеянні нярэдка падрывалі беларускую інфасферу.
На пасадзе дэпутата ён запомніўся некалькімі спецыфічнымі ўчынкамі:
– Выступаў на несанкцыянаваным уладамі магілёўскім «Маршы недармаедаў», пасля якога назваў людзей, што прыйшлі туды, «вандроўным цыркам».
– Плакаў і моцна пляскаў падчас выступу Аляксандра Лукашэнкі, пасля чаго стаў мемам.
– Піярыў знойдзены ў Бабруйску «Шлем Ізяслава», пасля чаго наткнуўся на абвінавачванні ў фальсіфікацыі ад украінскага гісторыка.
– Абвінавачваў юнакоў Беларусі ў тым, што сярод іх «стала модным форсам адкасіць ад войска».
– Прапаноўваў увесці штрафы для тых, хто не ходзіць на выбары.
– Казаў, што паважае Сталіна, паколькі «уладу, якая б яна не была, трэба паважаць».
– Займеў уласнае ток-шоў на тэлеканале СТВ.
Быў і пазітыў – Марзалюк крытыкаваў дзеянні расійскіх уладаў адносна да Ўкраіны, актыўна выкарыстаў у парламенце і сваіх выступах беларускую мову.
Няма ніякіх сумневаў, што сваімі дзеяннямі Ігар Марзалюк выбіў сабе месца ў Палаце прадстаўнікоў VII склікання.
На дадзены момант вядома, што канкурэнцыю яму па 84-ай акрузе складуць каардынатар БХД па Магілёўскай вобласці Алег Аксёнаў і актывіст Леанід Падбярэцкі.
Ігар Марзалюк стаў ужо другім магілёўскім дзеючым дэпутатам, які вырашыў паўторна вылучыцца ў парламент. Раней у Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86 зарэгістравалі ініцыятыўную групу Вольгі Петрашовай.