Самая вялікая ў краіне фотахроніка пра самую гучную гарадскую палітычную акцыю апошніх гадоў.
15 сакавіка. Магілёў. Вул. Ленінская. Ігар Лазоўскі
Дзень Канстытуцыі ў Магілёве адзначылі гучным палітычным мітынгам і супрацівам ціхарам. Міліцыя здолела нейтралізаваць чацвярых каардынатараў акцыі пратэсту Алега Аксёнава, Уладзіміра Шанцава (абодва атрымалі суткі), Ігара Барысава і Аляксандра Сілкова. Нягледзячы на гэта, людзі змаглі самаарганізавацца ў патрэбны момант.
Перад пачаткам акцыі сабраліся ў асноўным мясцовыя актывісты і журналісты. У Магілёў спецыяльна прыбылі карэспандэнты БелСАТ для вядзення стрыму.
Побач з месцам правядзення акцыі раптам пачаўся рамонт даху жылога дома. Машыны паставілі такім чынам, каб яны перашкаджалі людзям трапіць да месца правядзення акцыі. Пры гэтым працоўныя “ў калысках” вялі сябе дзіўна – яны не выконвалі ніякіх работ, проста каталіся уверх і ўніз.
Актывіст і сябра АГП Аляксей Кірыенка дзеліцца ўражаннямі ў прамым эфіры TUT.by:”Людзі раззлаваныя Дэкрэтам, раззлаваныя эканамічнай сітуацыяй у краіне”.
Адзін з ціхароў, які праз паўтары гадзіны прыме актыўны ўдзел у “хапуне”.
Людзі вывучаюць лісткі з вершамі, якія ім раздаў сябра БНФ, у афіцэр ВМС у запасе Аляксандр Страх. З яго выступу пачнецца акцыя.
Аляксандр Страх пачаў вершам пра каханне і прыгажосць.
На акцыі, якую ўлады назвалі “несанкцыянаванай”, прысутнічалі журналісты дзяржаўнага тэлеканала “Беларусь-4. Магілёў” Сяргей Карпякоў і Аляксандр Арцем’еў.
Праз 20 хвілін пасля пачатку мітынгу колькасць людзей на ім дасягнула 150.
У адрозненне ад акцыі 19 лютага, многія прыйшлі на “Марш недармаедаў” з загадзя падрыхтаванымі таблічкамі і раздрукоўкамі.
Таксама на акцыі 15 сакавіка было больш нацыянальнай сімволікі.
Пасля Аляксандра Страха слова ўзяла старшыня абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Наталля Шкадун, якая заявіла аб тым, што Дэкрэт №3 – гэта прыніжэньне беларускага народа.
Ёй цудам удалося пазбегнуць затрымання пасля акцыі – каля яе дома ўвесь вечар дзяжурыла міліцыя.
Далей слова ўзяў старшыня Ленінскай раённай ячэйкі БСДП (Грамада) Дзмітрый Люнтаў.
У сваім выступе Дзмітрый Люнтаў гаварыў не толькі пра Дэкрэт №3, але і пра цяжкае эканамічнае становішча жыхароў Беларусі.
Людзі ўважліва слухалі выступаючых палітыкаў і да пэўнага моманту не вырашаліся ўзяць слова.
З часам людзей стала больш. Па падліках назіральнікаў, максімальна на акцыі прысутнічала каля 350 чалавек.
Пасля Люнтова да мегафона пачалі актыўна выходзіць людзі. Сярод іх быў актывіст “Гавары праўду” з Бялынічаў Алег Мяцеліца. Быў затрыманы пасля акцыі.
Перад людзьмі выступіў ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Аляксандр Нажэнка. Ён таксама ўзгадаў пра арыштаваных за Маршы недармаедаў. Ён патрабаваў свабоды для ўсіх – народ дружна падтрымаў яго крыкамі “Свабоду!”.
На мітынгу выступала шмат маладых людзей: “Чаму мой бацька павінен ездзіць у Расію на заробкі, бо ў яго краіне няма працы, прыязджаць і яшчэ плаціць нейкі падатак. Чаму, скажыце?”. Таксама малады чалавек заявіў, што з’яўляецца валанцёрам у дзіцячым доме і агітаваў ніколі не ўступаць у БРСМ: “Яны праводзяць у дзіцячых дамах пару акцый у год, а робяць неверагодны піяр. Пры гэтым іх бюджэту хапіла б на нармальнае ўтрыманне некалькіх дзіцячых дамоў”.
Выступ жанчыны атрымалася кароткім, але звышэмацыянальны. Яна абвінаваціла беларускую ўладу ў поўнай абыякавасці да ўласнага народу і прыніжэнні Дэкрэтам №3.
Яшчэ адзін малады чалавек распавёў, з якімі праблемамі сутыкаецца дробны бізнэс у краіне: “Адкрыць у Беларусі бізнес, нармальна зарабляць і жыць на гэтыя грошы вельмі складана з-за умоў, якія створаны“.
Намеснік начальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін, які асабіста вазіў і Шанцава і Аксёнава на суткі пасля суда, размаўляе з кімсці па тэлефоне. На працягу ўсёй акцыі да яго рэгулярна падыходзілі хлопцы ў спартыўных касцюмах і пра штосьці пыталіся.
Нягледзячы на тое, што першага намесніка старшыні БСДП (Грамада) Ігара Барысава заблакавалі дома, ён выступіў на Маршы недармаедаў праз тэлефон і мегафон, якія трымаў Люнтов.
З плакатам “Немагчыма ўжо” стаіць Ігар Чарняк. Менавіта яго затрыманне будзе самым гучным у гэты вечар.
Маладыя дзяўчаты выступілі ў падтрымку беларускай мовы і роднай культуры: “Я хачу, каб мае дзеці раслі ў краіне са сваёй мовай”.
Харызматычны мужчына, які ўзяў мегафон пасля дзяўчат, нечакана для ўсіх пачаў на памяць расказваць вершы Багдановіча, Купалы, а таксама байкі Крапівы.
Магілёўскі дэпутат Ігар Марзалюк не пабаяўся выйсці да натоўпу і адразу заявіў, што “дзяліць нам няма чаго. Мы адзін народ, а Магілёў – наш родны горад”.
Практычна адразу ў натоўпе знайшлося некалькі чалавек, якія пачалі актыўна перашкаджаць палітыку выступаць. Асаблівае абурэнне ў народа выклікалі словы дэпутата аб тым, што працу можна знайсці, калі захацець: “А тыя, хто не хоча працаваць, могуць хадзіць па мітынгах і гарлапаніць“. Людзі ў адказ крычалі “Ганьба” і “Сыходзь”.
Ігар Марзалюк выказаў сваё меркаванне ў прамым эфіры БелСАТ. На яго думку, у Дэкрэце аб сацыяльным ўтрыманстве было шмат хібаў, але цяпер яго павінны дапрацаваць.
Каля 7 гадзінаў увечары людзі пайшлі маршам да плошчы Зорак. Каардынатарам выступіў Дзмітрый Люнтаў.
Падчас Маршу недармаедаў людзі скандавалі “Не Дэкрэту № 3 – Лукашэнка сыходзь”, “Хлеба, солі, зямлі, волі” і “Жыве Беларусь”.
На плошчы Зорак акцыя павінна была скончыцца, аднак прадуманага сцэнара заканчэння з-за адсутнасці арганізатараў не было. Дапамагла міліцыя – калі людзі пачалі разыходзіцца, недалёка пачуўся гучны крык “Дапамажыце!” і натоўп кінуўся на яго.
Як аказалася, чацвёра супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным на срэбранай “Lada Granta” паспрабавалі сілай зацягнуць Ігара Чарняка ўнутр машыны. Яны не прадставіліся і не паказалі дакументаў, дзейнічалі жорстка і нахабна, па-звярынаму спрабуючы ўкінуць актывіста ў аўто. Людзі, якія падскочылі, некаторы час не давалі гэтага зрабіць. Міліцыянт за рулём напружана назірае, як натоўп заблакаваў яму дарогу.
У той момант, калі людзі не давалі звезці Ігара Чарняка, каля “Тэхнапарка” скруцілі Дзмітрыя Люнтава.
Для вырашэння праблемы выклікалі машыну ДАІ. Супрацоўнік праз гучнагаварыцель ўгаворваў натоўп разысціся, але яна не паслухалася. Неўзабаве з’явілася начальства.
Затрыманы Ігар Чарняк ўнутры аўто з “ціхарамі”.
Праз 15 хвілін барацьбы з’явіўся Сяргей Волкаў – намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Магаблвыканкама. Разам з намеснікам начальніка Ленінскага РАУС Юрыем Калацілкіным ён маніторыў акцыю ад пачатку да канца.
Людзі прасілі Волкава разабрацца ў пытанні і патрабавалі, каб пры яго садзейнічанні супрацоўнікі міліцыі хаця б паказалі свае пасведчанні. Аднак Волкаў праігнараваў усе просьбы.
Пасля яго ўмяшальніцтва машына з Ігарам Чарняк з’ехала. У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у Магілёве затрымалі мінімум 9 чалавек за тое, што яны скарысталіся канстытуцыйным правам на мірныя сходы.