Адздымалі для вас ўсё самае цікавае з мітынгу супраць Дэкрэта №3 15 сакавіка.

15 сакавіка. Магілёў. Вул. Ленінская. Ігар Лазоўскі


У акцыі пратэсту ўзялі ўдзел каля 350 чалавек. Сярод іх былі як маладыя, так і людзі сярэдняга і сталага ўзросту. За час акцыі праз мегафон паспелі выступіць каля дзясятка чалавек. Многія з іх пасля былі затрыманыя – гэта Дзмітрый Люнтаў, Алёна Крэнь, Ігар Чарняк, Аляксандр Нажэнка, Аляксандр Царук, Алёна Кісель, Канстанцін Чарноў, 17-гадовы хлопец Кірыл (прозвішча ўдакладняецца), Алег Мяцеліца. Паведамляецца таксама пра затрыманне Іллі Кнарозава. На сувязь не выходзіць адзін з вядучых акцыі Аляксандр Страх.

Акрамя таго, на момант правядзення «Марша недармаедаў» чацвёра яго каардынатараў былі нейтралізаваныя міліцыяй. Алег Аксёнаў (БХД) і Уладзімір Шанцаў (АГП) атрымалі па 15 сутак за акцыю 19 лютага. Ігара Барысава (БСДП-Грамада) у яго кватэры заблакаваў АМАП. Аляксандр Сілкоў знаходзіўся ў Ленінскім РАУС, дзе на яго склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Асаблівасцю акцыі стаў выступ дэпутата Палаты прадстаўнікоў з Магілёва Ігара Марзалюка, якія не пабаяўся выйсці да раззлаванага натоўпу і пагутарыць з ім.