Пры гэтым экалагічная сітуацыя, па словах лідэра ініцыятывы, застаецца нязменнай вось ужо 8 гадоў.

22 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Каманда ініцыятывы «За ўтульны горад» выехала ў экалагічны рэйд у суботу, 20 траўня, каб прыбраць тэрыторыю вакол Палыкавіцкай крыніцы.

– Наша задача – захаваць крыніцу чыстай. Побач з ёй пабудавана велізарная колькасць дамоў, аднак каналізацыйная сістэма не добраўпарадкавана належным чынам. Значная частка адходаў трапляе ў крынічную ваду. Шмат разоў жыхары Магілёва і вёскі Палыкавічы спрабавалі звярнуць увагу на гэтую праблему, аднак, нажаль, сітуацыя застаецца нязменнай на працягу больш чым васьмі гадоў, – заявіў каардынатар ініцыятывы «За ўтульны горад» Андрэй Бодзілеў.

Паводле яго слоў, камандзе з шасці чалавек удалося сабраць некалькі мяхоў смецця. У асноўным – гэта пластыкавыя бутэлькі і пакеты.

– Мы маем намер сабраць подпісы пад зваротамі ў санітарныя службы і органы ўлады, каб вырашыць праблему, – распавёў актывіст.

Таксама прадстаўнікі ініцыятывы маюць намер звярнуцца да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.