Гараджане на чале з актывістам Аляксеем Паўлоўскім паклапаціліся пра здароўе прэзідэнта.
1 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – Аляксандр Паўлоўскі
24 красавіка прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка браў удзел у суботніку на будоўлі Цэнтра падрыхтоўкі мастацкай гімнастыкі ў Мінску. На будаўнічай пляцоўцы ён знаходзіўся без каскі, што заўважыў магілёўскі актывіст Аляксей Паўлоўскі. Разам з прадстаўніком незалежнага прафсаюза РЭП Аляксандрам Хамратовым яны накіравалі ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны скаргу, у якой звярнулі ўвагу на парушэнне тэхнікі бяспекі з боку прэзідэнта.
Мінпрацы ў адказ заявіла, што за бяспеку Аляксандр Лукашэнка павінна адказваць яго ўласная Служба бяспекі.
Аднак Аляксей Паўлоўскі ўсё роўна вырашыў засцерагчы прэзідэнта – адправіў будаўнічую каску ў Адміністрацыю прэзідэнта:
– Пасылаю ў дар будаўнічую каску, якую мне перадаў на памяць Герой сацыялістычнай працы, будаўнік Старавойтаў, ушанаваны на плошчы Зорак ў Магілёве. Паводзіны кіраўніка з’яўляецца мадэллю для падначаленых. Будуць кіраўнікі выконваць законы і правілы – так жа будуць паступаць і падначаленыя. Дзе ж кіраўнікі недысцыплінаваныя, там і парушэнні тэхнікі бяспекі будуць частыя, – заявіў Аляксей Паўлоўскі.
Актывіст таксама заклапаціўся здароўем сына прэзідэнта Мікалая, які, на думку Паўлоўскага, мог на суботніку «зарабіць кілу»:
«У Дзень абароны дзяцей патрабуем вызначыць для Колі рэжым вучобы, працы і адпачынку», – папрасіў Паўлоўскі ў спадарожным звароце, пад якім падпісаліся 23 магілёўцы.