Праваабаронца Аляксандр Хамратаў хацеў падтрымаць траіх магілёўскіх палітыкаў, якіх арыштавалі пасля Маршаў недармаедаў.
21 сакавіка. Магілёў. ІЧУ, Крупская, 99Б. Алесь Святліцкі
Праваабаронца спрабаваў павіншаваць старшыню абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава, лідэра магілёўскай БХД Алега Аксёнава і члена БСДП (Грамада) Дзмітрыя Люнтава з надыходзячым Днём Волі (25 сакавіка).
Для гэтага ён набыў тры паштоўкі, у кожнай з якіх пазначыў адрасата і тры словы «З Днём Волі!». У такім выглядзе ён паспрабаваў перадаць паштоўкі як пасылку, але яму было адмоўлена.
– Мне сказалі, што калі б паштоўкі былі пустыя, іх бы перадалі, а раз на іх нешта напісана, значыць прыняць іх не могуць. Пры гэтым яны сказалі, што няма ніякіх праблем, калі я адпраўлю іх праз паштовую скрыню. У такім выпадку яны прымуць іх, – распавёў Хамратаў.
Па словах праваабаронцы, ён адправіў паштоўкі праз пошту, але сітуацыю ён называе «дзіўнай»:
– Я не разумею, калі паштоўкі можна паслаць праз пошту, то чаму іх нельга перадаць напрамую? Тым больш, што ў паштоўках нічога няма. Па гэтай логіцы, калі б словы «З Днём Волі!» былі надрукаваныя на тым баку паштоўкі, дзе малюнак, іх бы прынялі, а калі яны напісаныя ад рукі, значыць іх перадаць ўжо нельга. На жаль, сістэма пасылак і перадач у ізалятар часовага ўтрымання, відавочна, патрабуе больш разумнага і адэкватнага падыходу, – лічыць Аляксандр Хамратаў.
Уладзіміра Шанцава і Алега Аксёнава асудзілі на 15 сутак арышту за правядзенне несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць падатку на дармаедства 19 лютага. На волю яны павінны выйсці 29 сакавіка. Дзмітрый Люнтаў атрымаў 15 сутак пасля акцыі 15 сакавіка. Ён павінен вызваліцца 30 сакавіка.
Падтрымаць арыштаваных можна лістом на паштовы адрас: ізалятар часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама, вул. Крупскай, 99Б. Паштовы індэкс – 212030.