Аляксей Паўлоўскі лічыць, што ўлады могуць працягнуць будаўніцтва новага корпуса БРУ, аднак замест гэтага разводзяць бюракратыю.
20 красавіка. Магілёў. Саша Святліцкі
У сакавіку гэтага года Паўлоўскі накіраваў у Адміністрацыю прэзідэнта калектыўны зварот, у якім падпісанты выступілі за тое, каб сродкі, атрыманыя ў выніку рэспубліканскага суботніка, пайшлі на заканчэнне будаўніцтва новага вучэбна-лабараторнага корпуса Беларуска-расійскага ўніверсітэта, якое доўжыцца з 1991 года.
Адміністрацыя перанакіравала зварот у Савет Міністраў. Адтуль яно трапіла ў Міністэрства адукацыі. У Мінадукацыі адказалі, што за расходаванне сродкаў, сабраных за суботнік, адказвае Савет Міністраў – тыя, хто пераслаў да іх калектыўны зварот. Пры гэтым Міністэрства ў адказе не пазначыла парадак абскарджвання, чым, на думку Аляксея Паўлоўскага, парушыла закон “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асобаў”.
– Ці не накіраваны дзеянні дадзеных суб’ектаў на дыскрэдытацыю Прэзідэнта РБ які перажывае за народ, спорт і моладзь? Ці не пара гэтых валакітчыкаў-сабатажнікаў, якія сядзяць на шыі падаткаплацельшчыкаў і выбаршчыкаў жэстачайшэ прыцягнуць да адказнасці і зняць з пасадаў? Ці не ганьба гэта, што дваццаць пяць гадоў не могуць скончыць дадзеную саюзную будоўлю? Да Колі гэтая брыдота будзе працягвацца?, – запытаўся актывіст у скарзе, якую збіраецца накіраваць у Камітэт дзяржкантролю, пракуратуру і да прэзідэнта.
Таксама ён просіць абавязаць Савет Міністраў РБ прыняць канкрэтнае рашэнне аб накіраванні сродкаў рэспубліканскага суботніка на завяршэнне будаўніцтва аб’екта, а таксама прыцягнуць да адказнасці асоб, адказных за парушэнне закона “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асобаў”.