Гарвыканкам адказаў мясцовым праваабаронцам Бухелю і Колчыну на іх заяву.
17 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка дала пісьмовы адказ, у якім не прызнала, што мясцовае рашэнне па масавым мерапрыемствам не адпавядае пастанове Саўміна. Нагадаем, што Барыс Бухель і Аляксей Колчын прасілі прызнаць неабавязковасць заключэння дагавораў са «хуткай дапамогай», камунальнай службай дарожна-маставога прадпрыемства і раённым аддзелам унутраных спраў.
– Той адказ, які нам прыйшоў, па сэнсу не мае дачынення да нашага зварота. Нават, нягледзячы на тое, што ёсць ліст з Ленінскага РАУС, у якім міліцыя кажа, што заяўнік не абавязаны заключаць з імі дагавор, улада ў асобе Алы Галушка сцвярджае адваротнае, ігнаруючы пастанову Савета Міністраў. Таксама, у Законе аб масавых мерапрыемствах агаворана, што заяўнік абавязаны прыняць меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем і ўборкай тэрыторыі пасля мерапрыемства, а не заключаць спецыяльны дагавор з пэўнымі структурамі. Так што гэты адказ – дымавая заслона, дзе ніякай канкрэтыкі няма, ёсць толькі бессэнсоўны пералік нормаў адміністрацыйнага і грамадзянскага права, якія не маюць дачынення да справы. Ала Галушка пры гэтым праігнаравала той пункт заявы, у якім мы спасылаемся на рашэнні гарвыканкамаў іншых гарадоў, якія ўжо прыведзены ў парадак, – пракаментаваў адказ Барыс Бухель.
Праваабаронца лічыць, што адказ дадзены не па сутнасці і ўжо рыхтуе скаргу ў аблвыканкам. Ён дапускае, што справа можа дайсці да суда, паколькі рашэнне па масавым мерапрыемствам, на яго думку, падлягае перагляду ў абавязковым парадку.