Прычынай адмовы стала адсутнасць дамоваў з камунальнікамі, «хуткай» і міліцыяй.

9 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Ліст з адказам на заяву аб правядзенні пікета прыйшоў аднаму з заяўнікаў Алесю Сердзюкову 8 чэрвеня.

Кіраўнік па справах Магілёўскага гарвыканкама Ігар Аўсеенка, чыім подпісам заверана папера, пазначыў, што ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама ад 19 снежня 2007 года “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”, заяўнікамі не былі прадастаўлены дагаворы аб ахове грамадскага парадку, аб дзяжурстве машыны хуткай дапамогі і аб забеспячэнні уборкі пасля правядзення мерапрыемства.

Раней адзін з арганізатараў пікету Галіна Лісіцына заяўляла, што, нягледзячы на іх жаданне, заключыць дамовы з патрэбнымі службамі, ім адмовілі ў міліцыі і ў дарожна-маставым прадпрыемстве. Ленінскі РАУС адправіў заяўнікаў ва УУС аблвыканкама, а камунальнікі спаслаліся на адсутнасць свабодных прыбіральшчыкаў ў гэты дзень. Такім чынам, заключыць дамовы было немагчыма. Праваабаронца Барыс Бухель бачыць у гэтым бюракратычную перашкоду для рэалізацыі права грамадзян на мірныя сходы ў Магілёве:

– Згодна з рашэннем гарвыканкама «Аб масавых мерапрыемствах», заяўнікі павінны даць разам з заявай на пікет дамову з МДКУ ДМП, з АУС і «Магілёўскай цэнтральнай паліклінікай». Аднак зрабіць гэта складана, паколькі ў дадзеным нарматыўным акце  не сказана, што самі службы павінны згаджацца на заключэнне дагавора. І няма ніякіх інструментаў, якія б гарантавалі заключэнне дагавора хуткай і камунальнікаў. А калі адмаўляе хаця б адна з гэтых службаў – правядзенне мерапрыемства па законе ўжо немагчыма, – каментуе сітуацыю Бухель. З дамовай з міліцыяй сітуацыя больш заблытаная:

– З адказам з Ленінскага РАУС заяўнікі не зусім разабраліся. Ім адказалі, што гарвыканкам павінен сам накіраваць туды копію заявы на пікет, а РАУС ужо глядзіць, наколькі ёсць неабходнасць забеспячэння аховы грамадскага парадку. Калі такая патрэба ёсць, яны заключаюць дамову з заяўнікамі праз УУС Магаблвыканкама – там цяпер знаходзіцца бухгалтэрыя. Калі ж яны палічылі б, што неабходнасці няма, то заяўнікі могуць правесці пікет без іх, у адпаведнасці з Пастановай Савета міністраў РБ №207. Тут мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі мясцовае заканадаўства супярэчыць рашэнню галоўнага выканаўчага органа краіны. Менавіта таму зараз мы сумесна з палітычнымі і грамадскімі аб’яднаннямі стараемся змяніць рашэнне гарвыканкама.