Аляксей Колчын і Барыс Бухель накіравалі старшыні гарвыканкама Уладзіміру Цумараву заяву, у якой просяць прывесці мясцовае рашэнне ў адпаведнасць з пастановай Савета Міністраў.
30 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На здымку – адзінае месца ў Магілёве, дзе можна праводзіць масавыя мерапрыемствы без удзелу ўладаў.
Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама №25-19 ад 19.12.2007 года “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве» прынята, што заяўнік сходу, перш, чым падаваць заяўку на правядзенне сходу, павінен заключыць дамову з аддзелам унутраных спраў, каб тыя забяспечылі ахову, з цэнтральнай паліклінікай, каб дзяжурыла машына «хуткай дапамогі» і камунальнікамі, каб тыя прыбралі тэрыторыю, калі ўсё скончыцца.
Таксама гэтым рашэннем было вызначана толькі адно месца, дзе можна праводзіць недзяржаўныя масавыя мерапрыемствы – пляцоўка каля дома №64 па вул. Чалюскінцаў (стадыён побач з ДК «ЗІВ»).
Праваабаронцы просяць, каб гарвыканкам адмяніў абавязковае заключэнне дамоваў з міліцыяй, «хуткай» і камунальнікамі.
– Да нас звярнуўся адзін з арганізатараў масавага мерапрыемства Алесь Сердзюкоў, які перадаў адказ з Ленінскага РАУС, з якім ён хацеў заключыць дамову. Міліцыя сама акрэсліла памылковасць рашэння гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах. Замест таго, каб заяўнік асабіста ішоў у аддзел і складаў дамову, гарвыканкам павінен сам перасылаць копію заяўкі на мерапрыемства. Калі ахова сапраўды неабходная – дамова заключаецца па ініцыятыве міліцыі, калі няма, то сход можа прайсці без удзелу супрацоўнікаў райаддзела. Усё гэта было пазначана ў адказе ЧВАП начальніка РАУС Юрыя Калацілкіна.
Мы напісалі гэта ў сваёй заяве – атрымліваецца, міліцыя прадэманстравала, што рашэнне гарвыканкама па масавых мерапрыемствах у гэтай частцы супярэчыць пастанове Савета Міністраў, – паведаміў адзін з заяўнікаў Барыс Бухель.
Як адзначае праваабаронца, у законе не сказана, што магілёўцы абавязаны заключаць кантракт на ўборку тэрыторыі з камунальнікамі. Там напісана толькі, што заяўнік павінен пазначыць меры па забеспячэнні чысціні пасля сходу. На думку Бухеля, гэта адразу палягчае задачу атрымання дазволу для правядзення мерапрыемства:
– У такім выпадку можна заключыць дамову на ўборку з любой асобай, хоць з юрыдычнай, хоць з фізічнай. Гэта адразу ліквідуе адну з перашкодаў для правядзення масавага мерапрыемства. Тое, на што ціснуў гарвыканкам – абавязковая наяўнасць дамоваў з дзяржаўнымі службамі – практычна пазбаўляла любы незалежны мітынг магчымасці на існаванне.
Справа яшчэ і ў тым, што, паводле сённяшняга рашэння гарвыканкама, міліцыя, «хуткая» і камунальныя службы проста не абавязаны заключаць дамовы з заяўнікамі. Іх ніхто не можа прымусіць да гэтага, такім чынам, досыць адной арганізацыі адмовіць – і пікет не адбудзецца. Таму не атрымалася, напрыклад, Алесю Сердзюкова і яго калегам дамагчыся дазволу на сваё мерапрыемства, – заяўляе Бухель.
– Факт таго, што рашэнне гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах можна сфармуляваць і без ўскладання на арганізатараў дадатковых абавязкаў пацвярджаецца тым, што ў Баранавічах і Гародні такія рашэнні ўжо даўно прынятыя. Мы спадзяемся, што наша заява пераканае гарадскія ўлады палепшыць сітуацыю з правядзеннем масавых мерапрыемстваў у Магілёве без удзелу дзяржорганаў. Тым больш, што ў апошнія гады іх практычна не было.