Пётр Салаўёў, Вольга Петрашова і Аляксандр Старавойтаў сумесна адказалі на калектыўны зварот грамадзян, якія патрабавалі адмяніць Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

26 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Тры магілёўскіх дэпутата адмовіліся ініцыяваць адмену “падатку на дармаедства”. Пётр Салаўёў, Вольга Петрашова і Аляксандр Старавойтаў ў агульным калектыўным адказе паведамілі, што не бачаць у Дэкрэце № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» палажэнняў, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, падстаў для яго адмены няма, лічаць дэпутаты. Больш за тое, на іх думку, дэкрэт стымулюе працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці.

Петрашова, Салаўёў і Старавойтаў лічаць, што «ў Беларусі арганізавана сістэмная работа па стварэнню новых працоўных месцаў за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей і працаўладкаваньня на іх грамадзян». На думку дэпутатаў, гэта павінна нівеліраваць довад падпісаўшыхся грамадзян, якія заявілі, што «дзяржава можа забяспечыць толькі 5% непрацуючых нізкакваліфікаваных працай».

Адзін з ініцыятараў збору подпісаў супраць «падатку на дармаедства», кіраўнік АГП па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў адказам дэпутатаў абураны:

– Дэкрэт №3 трэба неадкладна адмяняць, а яго ініцыятараў аддаць у рукі кампетэнтных органаў! Але нават у гэтай сітуацыі дэпутаты гарой сталі за чыноўнікаў! У адказе на звароты выбаршчыкаў дэпутаты робяць неверагодную выснову: «У рэспубліцы арганізавана сістэмная работа па стварэнню новых працоўных месцаў за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей і працаўладкаваньня на іх грамадзян». А ці так на справе? Не, усё наадварот!

Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі за 10 месяцаў гэтага года прынята на працу 525 463 чалавека, а звольнена 614 224. Гэта значыць колькасць чыста звольненых з пачатку года склала 88 761 чалавек! Цэлая армія разумных, таленавітых, працавітых людзей за год вышвырнутая на вуліцу! У ваенны час вінаватых у страты арміі расстрэльваюць. А вось у нас вінаватай апынулася сама армія! Выдатна? Калі ў выніку «сістэмнай» працы па стварэнні працоўных месцаў» у краіне скарачаюцца працоўныя месцы, ды яшчэ і ў такой колькасці, то што гэта, як не шкодніцтва?

Нагадаем, што раней каля паўтысячы чалавек пакінулі свае подпісы пад калектыўным зваротам да кожнага з пяці магілёўскіх дэпутатаў, у якім папрасілі адмяніць «падатак на дармаедства». Усе дэпутаты адмовіліся зрабіць гэта.