Юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі павінен стаць вялікім святам для ўсяго горада, лічыць лідэр абласной арганізацыі партыі БНФ Віталь Макаранка.
23 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі. На здымку – Віталь Макаранка падчас ушанавання памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, 2017 г.
У Магілёве створаны грамадскі аргкамітэт па правядзенні дня стагоддзя БНР у Магілёве. Як адзначыў яго ўдзельнік Віталь Макаранка, аргкамітэт ставіць мэтай зрабіць Дзень волі сапраўдным агульнанацыянальным святам.
– Мы ставім сабе мэтай пазбавіць Дзень волі іміджу «апазіцыйнага» і пратэстнага мерапрыемства. Аргкамітэт ужо збіраўся, аднак да канкрэтных дзеянняў мы пакуль не дамовіліся, – распавёў палітык.
Віталь Макаранка заклікаў далучыцца да падрыхтоўкі свята ўсіх, каму ёсць што прапанаваць. Звязацца з ім можна па тэлефоне +375 25 920 78 43.
Па словах Макаранка, ён таксама запрашаў да ўдзелу магілёўскія ўлады, аднак тыя адмовіліся.
– Я накіраваў звароты кіраўніцтву гарвыканкама і аблвыканкама, але іх перанакіравалі ў аддзел ідэалогіі гарвыканкаму. Ужо адтуль мне прыйшоў адказ, што Дзень волі не з’яўляецца дзяржаўным святам, таму ў яго падрыхтоўцы чыноўнікі ніякага ўдзелу прымаць не хочуць, – панаракаў палітык.
25 студзеня павінен адбыцца сход аргкамітэту, на якім, як спадзяецца Макаранка, з’явяцца першыя канкрэтныя прапановы па святкаванні сотага юбілею БНР.
Дзень Волі – свята, якое штогод адзначаецца 25 сакавіка, у дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. На думку некаторых навукоўцаў, а таксама значнай часткі адукаванага насельніцтва, менавіта Беларуская Народная Рэспубліка стала першым нацыянальным дзяржаўным фарміраваннем на тэрыторыі нашай краіны. У 2018 годзе будзе святкавацца стагоддзе абвяшчэння незалежнасьці БНР.