Васіль Лявоненка пратэстуе супраць прымусовага ўступлення ў гаражны кааператыў.

2 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі


У публічным выступе пенсіянер бачыць адзіную магчымасць процідзейнічаць «гвалтоўнаму», як ён называе, ўступленню ў гаражны кааператыў.

– Мой бацька як ветэран ВАВ атрымаў магчымасць пабудаваць гараж па вуліцы Сіманава. У 1987 годзе ўсё было гатова. Пазней мы правялі сваімі намаганнямі электрычнасць. Пасля смерці бацькі гараж у спадчыну атрымаў я.

У 2004 годзе ўтварыўся кааператыў. У 2008 годзе выйшаў указ №43 прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, дзякуючы якому Магілёўскі гарвыканкам праз адміністрацыю Кастрычніцкага раёна змог прадставіць зямлю для гаражнай забудовы. Аднак я ў кааператыў не ўступіў.

У 2012 годзе мне ўпершыню адключылі электрычнасць. Старшыня кааператыва паставіў ультыматум – альбо уступіць у кааператыў, альбо заставацца без святла. Я пайшоў разбірацца па інстанцыях, напісаў у гарвыканкам, там мне сказалі, што святло адключылі часова, з-за адсутнасці лічыльніка.

Я пайшоў скардзіцца далей і ў выніку святло мне зноў падключылі. Аднак праз год усё паўтарылася. Святло мне адключылі, сказаўшы, што я магу ўступіць у кааператыў. Але я не хачу! Так прымушаюць усіх, большасць згодныя, але я вырашыў змагацца, – паведаміў Васіль Лявоненка.

Пенсіянер, паводле яго слоў, зноў прайшоў праз асабістыя прыёмы ў гарвыканкаме і аблвыканкаме, звяртаўся ў суд, але яму ўсюды адмовілі. Пікет ён называе сваім апошнім шанцам адстаяць сваё права не ўступаць у кааператыў:

– Мая сітуацыя нагадвае мне масавую калектывізацыю 30-х гадоў, калі Сталін таксама заганяў усіх гвалтоўна ў калгасы. Я так не хачу.

Васіль Лявоненка ўжо падаў заяўку ў гарвыканкам. Ён хоча правесці адзіночны пікет 16 лютага ў дазволеным для масавых мерапрыемстваў месцы – стадыёне па вул. Чалюскінцаў. Заключаць дамовы з міліцыяй, хуткай і камунальнікамі пенсіянер не збіраецца:

– Я асабіста бяру на сябе абавязацельствы па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемства ўласнымі сіламі. Таксама я сам забяспечу ўборку тэрыторыі пасля правядзення пікету, – заявіў пенсіянер.