Грошы, пры гэтым, пойдуць у Бабруйск.
6 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Усім падведамным арганізацыям Магілёўскі аблвыканкам накіраваў паперу, у якой просіць дапамагчы рэалізаваць да 31 снежня білеты «Твая ўдача» серыі МД-2. Падпісаў ліст начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэй Кунцэвіч.
Такім чынам, прапанову начальства «дапамагчы рэалізаваць латарэйныя квіткі» атрымалі практычна ўсе ўстановы культуры Магілёва, у тым ліку абласная філармонія, драматычны і лялечны тэатры, абласная бібліятэка і іншыя – усяго больш за 30 арганізацый.
Заснавальнікам латарэі выступае Бабруйскі гарвыканкам. Сродкі, атрыманыя пры рэалізацыі латарэйных білетаў, паводле афіцыйнага сайту, пойдуць на ўмацаванне і рэстаўрацыю помніка архітэктуры «Бабруйская крэпасць», а таксама іншыя помнікі гісторыі. Дарэчы, грошы павінны ісці на гэтыя мэты са жніўня 2012 года – менавіта з гэтага часу дзейнічае ліцэнзія латарэі.
Кошт аднаго квітка – 1 рубель (10 тысяч недамінаваных рублёў).
Адзначым, што тэрмін дзеяння “Тваёй удачы” сканчаецца летам 2017 года.