Праўладныя БРСМ і «Белая Русь» правялі першы масавы збор подпісаў за вылучэнне дзеючага прэзідэнта.

17 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


У сераду, 17 чэрвеня, грамадскія аб’яднанні БРСМ, «Белая Русь» і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі правялі пікет па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі ў кандыдаты ў прэзідэнты. Раней масавых пікетаў за яго ў горадзе заўважана не было. Затое рэгулярна з’яўлялася інфармацыя пра збор подпісаў у працоўны час у дзяржаўных арганізацыях.

З 17 да 19 гадзін каля гандлёвага цэнтра «Арбат» сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, якія вырашылі падтрымаць дзеючага кіраўніка дзяржавы. Інфармацыя пра пікет з’явілася толькі за гадзіну да самога мерапрыемства ў рэгіянальных групах Вконтакте БРСМ і «Белай Русі».

– Ну, я знаходзілася ў адпачынку, я і зараз у адпачынку знаходжуся. Я як мама шматдзетная лічу, што галоўнае ў краіне – стабільнасць, спакой для маіх дзяцей. Ну і, у прынцыпе, ад дабра дабра не шукаюць. Я сваіх першых дзяцей нараджала яшчэ ў 90-я, таму ведаю, што такое пасобія, за якія можна было купіць толькі ўпакоўку памперсаў, – распавяла жанчына ў чарзе ў Инстаграм-эфіры газеты «Веснік Магілёва».

 

Іншая вырашыла аддаць свой подпіс за Лукашэнку, паколькі ведае, “што крытыкаваць [лёгка] можна ўсіх, хто займаецца працай”.

Як адзначае TUT.BY, людзі ахвотна размаўлялі адзін з адным, але як толькі падыходзіў карэспандэнт, адразу заціхалі. Са слоў журналісткі, склалася ўражанне, што прысутныя на пікеце добра знаёмыя паміж сабой. Звычайныя мінакі да пікету практычна не далучаліся.