Бабруйская міліцыя спрабуе ўсімі спосабамі сарваць акцыю пратэсту супраць Дэкрэта №3, якая павінна адбыцца 12 сакавіка.

11 сакавіка. Ігар Лазоўскі. Бабруйск


За суткі да “Марша недармаедаў”, які мусіць адбыцца 12 сакавіка на плошчы Перамогі, бабруйскія ўлады вырашылі максімальна нейтралізаваць пратэстуючых.

Уначы з 10 на 11 сакавіка ў горадзе затрымалі адразу чацвярых актывістаў. Адзін з іх – кінарэжысёр Максім Буйніцкі паспеў паведаміць пра сваё затрыманне на сваёй старонцы ў Facebook. Разам з ім быў актывіст Аляксей Раманаў. Затрыманне праводзіў АМАП.

Яшчэ дваіх актывістаў – Максіма Лубінскага і Вольгу Аўдзейчык затрымалі крыху пазней. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у момант затрымання яны расклейвалі ўлёткі з заклікам прыйсці на акцыю 12 сакавіка.

Ноч усе затрыманыя правялі ў райаддзелах міліцыі, пасля чаго іх адвезлі ў бабруйскі ізалятар часовага ўтрымання. Там іх, па нашай інфармацыі, пратрымаюць да панядзелка.

Неадкладны рамонт

Днём 11 сакавіка стала вядома аб тым, што на плошчы Перамогі, дзе павінна прайсці акцыя пратэсту, пачалі рамонт двух помнікаў.

Па словах палітыка і кіраўніка гарадскога аддзялення прафсаюза РЭП Галіны Смірновай, плот да помніка з танкам і скульптуры невядомага салдата пачалі падвозіць яшчэ ўвечары 10 сакавіка.

– 11 сакавіка мы вырашылі падысці на плошчу, паглядзець, што там адбываецца. Калі мы падышлі, убачылі ўжо пастаўлены плот. Людзі вакол пахаваліся. Мы пастаялі, потым да нас выйшаў прадстаўнік БУКДДЭП і сказаў, што нам прасілі перадаць, што ў нядзелю пачнецца бягучы рамонт помнікаў. Дзіўна, што вырашылі сказаць пра гэта менавіта нам, улічваючы, што мы ніяк не прадстаўляліся. Мабыць, там ужо ўсе ведаюць, хто ёсць хто і ўзмоцнена рыхтуюцца, – паведаміла Галіна Смірнова.

Паводле яе слоў, у помнікаў, якія будуць рамантаваць, нармальны знешні выгляд. Палітык сцвярджае, што помнік ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій, які стаіць на той жа плошчы, знаходзіцца ў значна горшым стане. Аднак адрамантаваць ўсё роўна вырашылі тыя, каля якіх павінны сабрацца людзі 12 сакавіка.

Акрамя таго, кіраўнік гарадской арганізацыі РЭП падзялілася інфармацыяй пра тое, што менш чым за суткі да акцыі гарадскія прадпрыемствы пачалі адклікаць для работы 12 сакавіка людзей з выходных.