Магілёўская абласная выбарчая камісія адмовілася пералічваць бюлетэні, як патрабавалі таго кандыдаты ў дэпутаты Генадзь Лосікаў і Мікалай Залозны.
20 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Дзесяць сябраў камісіі разгледзелі ў прысутнасці Лосікава скаргу, якую яны разам з Залозным падалі яшчэ 14 верасня. На паседжанні прысутнічаў таксама старшыня акруговай камісіі №86 Аляксандр Кажамякін.
Камісія адмовілася пералічваць галасы выбаршчыкаў, спаслаўшыся на неабгрунтаванасць патрабаванняў.
– Тры члена камісіі прагледзелі фота і відэа таго, як адбываўся падлік ў некаторых камісіях. На відэа бачна, што на сталах знаходзіцца нейкае папяровае месіва, нейкіх выразных стосаў з паперамі няма, такім чынам, незразумела, што і як лічыць камісія. На гэта мне сказалі, што галасы наогул лічыць няпроста, што існуе чалавечы фактар, што апрацаваць такую колькасць інфармацыі цяжка, таму раскласці ўсё няпроста. І наогул, з розных ракурсаў, нібыта, будзе бачна па-рознаму. Мае словы пра тое, што не можа кандыдат без агітацыі сабраць у 10 разоў больш подпісаў, чым той, хто агітацыю праводзіў, назвалі здагадкамі і суб’ектыўным меркаваннем, – пракаментаваў рэакцыю выбаркама Генадзь Лосікаў.
Абласная камісія прызнала памылку пры размеркаванні дамоў па розных акругах. Нагадаем, сем дзевяціпавярхавікоў па вуліцы Габраўскай і па Пушкінскім праспекце, якія адносіліся да АВК №86, два дні галасавалі датэрмінова на участках 87-й акругі.
– Сказалі, што блытаніна была, але нічога страшнага не адбылося. Маўляў, за гэты час прагаласавала ўсяго толькі 28 чалавек, так што хібаў ў выніках выбараў быць не можа, – сказаў Лосік.
У сваёй скарзе Лосік і Залозны прасілі таксама паведаміць, чаму сакратар акруговай камісіі не ведала, дзе знаходзяцца бюлетэні пасля выбараў. Абласная камісія спаслалася на тое, што прыём бюлетэняў пасля галасавання ажыццяўляўся без суправаджальных дакументаў, такім чынам, сакратар АВК №86 Алена Сафонава не магла ведаць, куды былі потым накіраваныя паперы.
– Пакуль няма рэальнага адкрытага падліку, сэнсу ўдзельнічаць у такіх выбарах няма, – рэзюмаваў вынікі пасяджэння Генадзь Лосікаў. – Атрымліваецца, што я толькі дарма марнаваў рэсурсы і сілы, мучыў людзей. Калі я толькі вылучаўся кандыдатам, мне казалі, што я дарма ва ўсім гэтым удзельнічаю. Цяпер пераканаўся ва ўсім сам. Думаю, што на выбары я больш не пайду.