Другая частка даследавання mspring.online.

 21 сакавіка. Магілёў. Саша Мінько


Дзякуючы абноўленым базам дадзеных маскоўскага «Мемарыяла» mspring.online выявіў імёны і прозвішчы кадравых супрацоўнікаў магілёўскага аддзела НКУС перыяду масавых рэпрэсій 1935-1939 гадоў. База ўтрымлівае імёны і біяграфіі больш за 41 тысячу супрацоўнікаў НКУС СССР, сабраныя пры аналізе ўзнагародных загадаў гэтага перыяду. Нам атрымалася вылавіць з іх 27 чалавек, датычных да масавых расстрэлаў на Магілёўшчыне. Сёння публікуем другую частку дадзеных.

ЯК ПАЧЫНАЎСЯ БЯЗЛІТАСНЫ ТЭРОР НАРОДА

Пасля ўдалага ўзброенага перавароту ў кастрычніку 1917 года бальшавікі абвясцілі пра перамогу Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі. У тым жа годзе была створана Ўсерасійская надзвычайная камісія па змаганні з контррэвалюцыяй і сабатажам (УНК) РСФСР, што стала пачаткам савецкіх органаў дзяржбяспекі.

У Магілёве ўвесну 1918 года з-за пагрозы акупацыі горада нямецкімі войскамі губернскі выканкам пераехаў у Мсціслаў, дзе на паседжанні 24 траўня прыняў пастанову пра стварэнне Магілёўскай губернскай надзвычайнай камісіі. Магілёўскай НК падначальваліся Аршанская, Рагачоўская, Быхаўская, Чэрыкаўская, Мсціслаўская, Гарэцкая, Шклоўская і Жлобінская павятовыя надзвычайныя камісіі. Іх заданнямі ў той час былі выяўленне і спыненне падрыўной дзейнасці контррэвалюцыйных арганізацый і груп, барацьба з антысавецкімі мяцяжамі і паўстаннямі.

Рэпрэсіі ў СССР пачаліся з моманту яго ўтварэння і фактычна ўжо ніколі не сканчаліся. Што да тэрыторыі Беларусі, то ў 1929-33 гадах быў спачатку знішчаны традыцыйны ўклад мясцовага насельніцтва – аднаасобныя сялянскія гаспадаркі. У перыяд 1933-36 г.г. знішчана беларуская нацыянальна-дэмакратычная інтэлігенцыя. Прыкладна год быў некаторы зацішак, пасля чаго пачалося тое, што названа гісторыкамі “Вялікім тэрорам”.

Пік масавых забойстваў, што здзяйсняліся сталінскімі катамі па ўсёй краіне, прыйшоўся на 16 месяцаў – з ліпеня 1937 года па лістапад 1938-га. Гэта трэба ўлічваць, калі вы будзеце чытаць урыўкі з біяграфій тых, хто, імаверна, асабіста забіваў нявінных людзей. Амаль усе яны да 1939 года былі або парасстрэльваны, або выкінуты з органаў.

ЧЭКІСТЫ БАБРУЙСКА

Дубінскі Самуіл Шмулевіч у кастрычніку 1937 года атрымаў званне сяржанта дзяржбяспекі і стаў памагатым оперупаўнаважанага Бабруйскага РА НКУС Магілёўскай вобласці. Праз два гады ён быў звольнены c выняткам з уліку «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ». Ніякай іншай інфармацыі пра яго няма.

Валавік Ісак Якаўлевіч у сакавіку 1938 года быў адкліканы з Азова-Чарнаморскага краю ў распараджэнне НКУС БССР. Лейтэнант дзяржбяспекі ў Беларусі быў прызначаны начальнікам Бабруйскага ГА УНКУС Магілёўскай вобласці, але прапрацаваў на гэтай пасадзе менш года. У студзені 1939 года ён быў арыштаваны, пазбаўлены звання, у траўні асуджаны Вайсковым трыбунал войскаў НКУС Беларускай акругі і расстраляны 26 верасня. Па нацыянальнасці ён быў габрэй, з 18 гадоў працаваў у органах ВЧК-АДПУ-НКУС, на момант смерці яму было ўсяго 34 гады.

Рыбін Аляксей Мікалаевіч у сакавіку 1936 года атрымаў пагоны сяржанта дзяржбяспекі. Даслужыўся да пасады намначальніка Бабруйскага ГА УДБ НКУС Магілёўскай вобласці. Аднак 7 студзеня 1939 года быў арыштаваны, пазбаўлены звання і асуджаны праз тры месяцы Вайсковым трыбуналам войскаў НКУС БВВ. Прысуд: 10 гадоў ссылання. Іншая інфармацыя адсутнічае.

Цэхановіч Кастусь Іванавіч у снежні 1936 года стаў сяржантам дзяржбяспекі і адправіўся працаваць сакратаром Бабруйскага ГА УНКУС Магілёўскай вобласці. У лютым 1940 года ён ужо быў звольнены зусім з выняткам з уліку (нават не ў запас) па пункце «В» артыкулы 38 – у звязку з немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ. Інфармацыі пра дату і месца народзінаў няма. Інфармацыі пра смерць няма.

Чарнамордзік Барыс Львовіч у сакавіку 1936 года стаў малодшым лейтэнантам дзяржбяспекі і яго накіравалі працаваць начальнікам 3-га аддзялення Віцебскага ГА УДБ НКУС. Праз паўтары гады яго раптам адправілі з працоўным візітам у Чыцінскую вобласць, але ён хутка вярнуўся ў Беларусь і стаў начальнікам Бабруйскага РА УДБ НКУС Магілёўскай вобласці. На гэтай пасадзе ён пратрымаўся толькі да 16 студзеня 1939 года. Спачатку яго звольнілі c выняткам з уліку за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ. Але ўжо ў сакавіку ён быў асуджаны Вайсковым трыбуналам войскаў НКУС БВВ і прысуджаны да 10 гадоў лагераў. У ліпені таго ж года быў пазбаўлены звання. Інфармацыі пра дату і месца народзінаў няма. Інфармацыі пра смерць няма.

НКУС-ШНІКІ РАЙЦЭНТРАЎ

Афанасьеў Васіль Кузьміч у 1936 годзе атрымаў пагоны малодшага лейтэнанта дзяржбяспекі і быў накіраваны ў Заходнюю вобласць. Да снежня 1945 года ён ужо быў у званні капітана і стаў начальнікам Быхаўскага РА УНКУС Магілёўскай вобласці. Па нацыянальнасці рускі, нарадзіўся ў 1897 годзе ў Бранску. Інфармацыі пра смерць няма.

Балалаў Андрэй Цімафеевіч у ліпені 1938 года за нейкія заслугі атрымаў званне сяржанта дзяржбяспекі. Нягледзячы на такое невысокае званне, да траўня 1939 года ён быў начальнікам Чэрыкаўскага РА УНКУС Магілёўскай вобласці. А 19 траўня таго ж года ён быў звольнены зусім «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ». Інфармацыі ні пра дату і месца народзінаў няма, ні пра смерць няма.

Васілевіч Ф.К. да ліпеня 1940 года служыў оперупаўнаважаным Хоцімскага РА УНКУС Магілёўскай вобл. БССР. Звольнены зусім 5 ліпеня «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ». Ніякай іншай інфармацыі пра яго няма.

Градзюшка Пётр Паўлавіч у сакавіку 1936 года атрымаў пагоны малодшага лейтэнанта дзяржаўнай бяспекі і па чэрвень 1939 года служыў у Клімавіцкім РО УНКУС Магілёўскай вобл. БССР, дзе нават выконваў абавязкі часова выконваючага абавязкі начальніка. 1 ліпеня 1939 года ён быў звольнены з органаў у звязку з арыштам. Далейшы яго лёс невядомы, дадзеных пра народзіны няма.

Дулесаў Зміцер Мікалаевіч у сакавіку 1936 года ў званні лейтэнанта дзяржаўнай бяспекі быў накіраваны ў Крычаў, дзе стаў начальнікам мясцовага райаддзела НКУС. Роўна праз тры гады быў звольнены зусім c выняткам з уліку «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ». Ніякіх іншых дадзеных пра яго знайсці не атрымалася.

Кашмель Фёдар Канстанцінавіч у лістападзе 1937 года ў званні сяржанта дзяржбяспекі скіраваны ў Кіраўскі райаддзел НКУС, дзе праслужыў два гады. З пасады часова выконваючага абавязкі начальніка быў звольнены зусім c выняткам з уліку «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ». Ніякай іншай інфармацыі пра яго няма.

Какорын Іван Рыгоравіч у сакавіку 1936 года стаў сяржантам дзяржбяспекі. Праз два гады быў пераведзены з пасады памагатага оперупаўнаважанага Жыткавіцкага РО УГБ НКУС у Дрыбін, дзе заняў пост начальніка мясцовага райаддзела УДБ НКУС. У сакавіку 1939 года звольнены зусім c выняткам з уліку «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ».

Тураўскі Ісак Ліповіч у 1936 годзе стаў малодшым лейтэнантам дзяржбяспекі і з’ехаў працаваць начальнікам Краснапольскага РА УНКУС Магілёўскай вобласці. Вельмі хутка, ужо ў траўні 1939 года ён быў звольнены ў запас з фармулёўкай артыкула 38 пункт «в» – у звязку з немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ. Ніякіх іншых дадзеных пра яго няма.

ВІНАВАТЫЯ ЎСЕ?

Магчыма, кожны з названых чалавек мае дачыненне да смерці людзей і спусташэння беларускай нацыі. Верагодна, што ад некага з гэтых супрацоўнікаў больш за 70 гадоў таму пацярпелі нават вашыя сваякі.

Цалкам з базай дадзеных нашых калегаў-праваабаронцаў з «Мемарыяла» можна азнаёміцца на адмысловым сэрвісе.