Канстанцін Чарноў, адзін з каардынатараў ініцыятывы “Новыя рэгіёны”, распавёў феерычныя рэчы. У дзень выбараў яго затрымалі, збілі, пасля чаго ў міліцыі з яго здзекаваліся, а суддзя ўвогуле прыстрашыла “асаблівым” стаўленнем з боку ахоўнікаў у турме.


9 жніўня Чарнова схапілі людзі ў чорным побач з вучылішчам культуры на плошчы Арджанікідзэ. Яму нанеслі некалькі ўдараў у сківіцу, збілі дручком па рэбрах, пасля чаго даставілі ў міліцыю.

Там у заплечніку Косці знайшлі стыкеры “Новых рэгіёнаў”. Даведаўшыся, што ён ЛГБТК-актывіст, Чарнова пачалі паліваць брудам – ​​называлі “пі…..ам”, жартавалі пра памер грудзей, а потым увогуле заявілі, што такіх як ён “трэба забіваць”.

Усё гэта накладваецца на тое, што Косця знаходзіцца на ўліку ў абласной псіхіятрычнай бальніцы і яму штодня трэба прымаць лекі, якія яму, вядома, ніхто даваць не збіраўся.

Чарноў не пабаяўся расказаць на відэа MSPRING.ONLINE і валанцёрскай каманды MAYDAY ўсё, з чым сутыкнуўся ў той вечар.