Пра што казалі на анлайн-ток-шоу “(Не)Любімыя людзі: чым жыве ЛГБТК+ Беларусь пасля 2020 года”.

Нават да 2020 году людзі ЛГБТК+ сутыкаліся са значнымі праблемамі. Але, як сцвярджаюць эксперты, зараз сітуацыя стала яшчэ горш. MSPRING.MEDIA сабраў самае цікавае з анлайн-ток-шоў, якое ладзіла каманда MAYDAY – як поўнае відэа і аўдые, так і тэзісы.

Экспертамі падчас дыскусіі выступілі:

Наста Базар – нізавая актывістка, фем-квір-актывістка.

Андрэй Завалей – каардынатар Кампаніі Справа Пі_ памяці Мішы Пішчэўскага, ЛГБТК+ актывіст, тэатральны прадзюсер, аўтар Маніфеста підара.

Мадэратар сустрэчы – Аляксандр Буракоў.

ВІДЭА

ТЭЗІСНА

Наста Базар. Я думаю, што людзі па-за Беларуссю робяць даволі шмат. Але людзі ў Беларусі знаходзяцца пад нашмат большым прэсам.

Андрэй Завалей. У 2017 годзе мы рабілі шоў «Кожны з нас» з Глебам Лабадзенка. І адзіны чалавек «прагамофобны», які пагадзіўся, быў Павел Севярынец. Астатнія адмаўляліся. Не мусім мы даваць ацэнку рэакцыі людзей. Людзі не хочуць удзельнічаць у размовах, у якіх да іх некарэктна ставяцца, вымушаныя адказваць на «некамфортныя пытанні». Я пагадзіўся, таму што заўсёды за адкрытую дыскусію. Але пасля кастрычніка 2020 года ўровень маёй публічнасць зменьшыўся. На «хворыя» тэмы ў нашым грамадстве нават не толькі праўладныя і прарэжымныя людзі гамафобны. Але і дэмакратычная супольнасць падзяляе гамафобныя погляды. Канешне, ЛГБТК+ людзі не вельмі камфортна адказваць на пытанні ў такіх непростых абставінах.

Завалей. У кастрычніку 2020 года я ўдзельнічаў у апошні раз у маршах. Пасля я разумеў, што хваля гвалту нарастае. Пасля гэтага як публічная персона я ўзяў паўзу і дагэтуль шукаю адказы на пытанне, што мы можам рабіць для аб’ядноўвання, каб змагацца за нашую свабоду не толькі супраць дыктатуры, але і гамафобіі.

Базар. Што зараз адбываецца з людзьмі ў Беларусі? Зараз не магу адказаць, таму што з’ехала ўвосені 2020 года. Калі я даведваюся, што людзі штосьці робяць, збіраюцца, я намагаюся як мага меней пра гэта ведаць. Я не буду падштурхоўваць ці казаць, што рабіць людзям у Беларусі, таму што я не там, я не ў той сітуацыі, я не магу цвяроза ацаніць рызыкі. Я ведаю, што агулам сітуацыя вельмі цяжкая. Варта разумець, што калі людзі бачаць ціск, гвалт у дачыненні да ўсіх, то ўразлівыя групы становяцца яшчэ па-двойчы, па-тройчы ўразлівей.

Завалей. Нават перад выбарамі сітуацыя была непростай. Першае, што робяць праваабаронцы пры парушэнні правоў чалавека – гэта маніторынг і дакументацыя, то бок мы мусім збіраць усе выпадкі парушэння правоў чалавека. Нават да 2020 года гэта было не вельмі проста. Мне асабіста адмаўлялі людзі, якія станавіліся ахвярамі шантажу, які пагражаў раскрыццём іх сэксуальнай ідэнтычнасці, ці мелі праблемы пры працаўладкаванні. Былі асабістыя выпадкі, калі людзі першыя два-тры дні былі гатовыя да размовы, а потым – ой, не, я вырашыў, я з’еду. То бок нават тады яны баяліся. Пасля 2020 году увогуле немагчыма сказаць, ці даходзяць парушэнні правоў чалавека, правоў ЛГБТК+ да праваабаронцаў. Велізарная шэрая зона. Ёсць падвойнае жыццё – чалавек ходзіць на працу, выконвае свае абавязкі, а потым прыходзіць дадому ці да сяброў, да супольнасці і там іншае жыццё. Нейкая савецкая рэчаіснасць. Адкат на 20 гадоў.

Завалей Мы адчуваем непрыманне грамадствам. Улады актыўна гэтым карыстаюцца. Самая лёгкая мішэнь для “губазікаўскіх журналістаў”, якія выкладаюць відэа з мужчынамі, пазначая іх сэксуальную ідэнтычнасць.

Базар. З НАУ у мяне кантактаў няма і я не ведаю, ці ёсць яны ў кагосьці з ЛГБТК+ супольнасці. Калі казаць пра Каардынацыйную раду, то там была нават фемгрупа, у якой я была больш за год і там уздымаліся пытаннні ЛГБТК+. Што датычна Офіса Ціханоўскай, то, з большага, было ўражанне, што “зараз не да гэтага”, як і да правоў жанчын. Але зараз ёсць надзея, што сітуацыя будзе змяняцца, бо прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы з’яўляецца Вольга Гарбунова – чалавек, які працаваў вельмі шмат з правамі ўразлівых груп, у прыватнасці, з хатнім гвалтам і правамі жанчын.

Базар. Мне не хочацца, каб было так, маўляў, “мы тут ёсць, давайце пра нас”. Я хачу, каб гэта было нормай, калі мы гаворым пра правы чалавека. Калі мы кажам пра чалавека ў вымушанай эміграцыі, мы разумеем, што ён – з уразлівай групы. Калі гэта яшчэ і жанчына, гэта падвойная ўразлівасць, бо жанчыне складаней знайсці працу, як бы мы гэтага не хацелі. Калі жанчына мае дзяцей – гэта патройная ўразлівасць. А калі гэтая жанчына яшчэ і лесбіянка – то гэта чатыры. А калі яшчэ і мае інваліднасць, то гэта проста “бінга” нейкае. І калі мы кажам пра правы чалавека, то ўсе гэтыя фактары патрэбна ўлічваць. Таму я не хацела б такой сітуацыі “а давайце пагаворым пра нас”.

Базар. Я прынцыпова хажу на прайды з бел-чырвона-белым-сцягам у розных краінах. Калі казаць пра супольнасць дэмакратычную, то калі я жыла ў Кіеве, дыяспара прасіла мяне не браць БЧБ-сцяг на прайд, бо я “абражу святыню“. На гэта я адказала – не. І я не магу сказаць, што мне не было страшна. У мінулым годзе на марш на Дзень Волі ў Варшаве я прыехала з ЛГБТК сцягам. І калі мне кажуць, што «зараз не да гэтага», я кажу, што да гэтага – заўсёды. Мая пазіцыя – калі мы кажам, што мы за дэмакратыю і свабоду, дык і даваце быць за дэмакратыю і свабоду. Бо інакш атрымліваецца, што мы за дэмакратыю і свабоду, але не для ўсіх.

Завалей. Яшчэ ў 2016 годзе я чуў з боку палітычна-ангажаваных людзей, што «мы не бачым ЛГБТК-супольнасць як палітычную моц, як згуртаванне, як супольнасць людзей». Вось, маўляў, калі бы мы пабачылі, то мы б вас падтрымалі.

Завалей. Праз апошнія навіны мы даведаліся, што прадстаўнікі Украіны блакуюць удзел Святланы Ціханоўскай на імпрэзах агульных. І яны, маўляў, мусяць «задобрыць Лукашэнку», каб ён не ўступаў у вайну паўнавартасна. І прыкладна тое робіць прадэмакратычны рух у дачыненні да ЛГБТК+ людзей, што, вось, калі мы падтрымаем ЛГБТК+ людзей, то ад нас адвярнецца частка кансерватыўнага грамадства. Я пра тое кажу, што гэты баланс выбару – што рабіць, каго падтрымаць – ён існуе на ўсіх узроўнях.

Базар. Навошта браць бел-чырвона-белы сцяг на прайд? Чаму існавала квір-калона на маршах? Каб потым не казалі, што вы тут не стаялі, не сядзелі. Тое, з чым сутыкалася вялікая колькасць людзей у 2020 годзе і пасля, з тым жа сутыкаліся ЛГБТК+ людзі нашмат раней па часе. Мне важна паказаць не проста тое, што я ЛГБТК+, а тое, што я беларуска-ЛГБТК, што БЧБ-сцяг таксама мой, што я размаўляю на беларускай мове. Мне гэта было важна, бо браць БЧБ-сцяг на прайды мне не раілі, каб нехта раптам не падумаў, што гэты сцяг належыць яшчэ і ЛГБТК+ людзям.

Базар. Я намагаюся мяняць стаўленне да ЛГБТК+ праз публічныя выступы, інтэрв’ю. Для камінаўта ёсць шмат прычынаў, каб гэтага не рабіць. Але я вельмі б заклікала, каб людзі, якія папулярныя, публічныя у дэмакратычнай палітыцы, якія з’яўляюцца ЛГБТК+, каб заявілі пра гэта.

Завалей. У Кіеве месяц таму адбылася выстава ЛГБТК+ у войску. Там розныя гісторыі пра людзей рознай ідэнтычнасці, якія падтрымліваюць УСУ. Але пры гэтым я кожны дзень бачу ад украінскіх людей выразы «вось мы гэтым підарам пакажам», маючы на ўвазе маскалёў. То бок гамафобія настолькі сядзіць глыбока. І ў эмацыйна-напражных сітуацыях гэта можа прарывацца. Калі мы прызнаем, што ў Палку Каліноўскага ЛГБТК+ чалавек, то з’явіцца верагоднасць, што часткова Полк можа згубіць падтрымку.

Базар. Вельмі цяжкая тэма пра адносіны да Палка Каліноўскага. Бо, шчыра скажу, не ведаю, ці казаць, ці не казаць, бо баюся. Дагэтуль баюся фізічна. Я ведаю людзей, якія там ёсць (размова не пра ўсіх людзей, там іх вельмі шмат), але там ёсць людзі, якія кажуць «я – правак» ці «я – правачка», «у мяне правыя погляды». Паўтаруся, гэта не пра ўсіх людзей, толькі пра некаторых, якіх я ведаю.

Таксама я даведалася, што адзін беларускі дабраахвотнік – не з Палка Каліноўскага – трапіў у шпіталь. Я зычу яму здароўя, зычу, каб ён хутчэй паўстаў на ногі. Але я баюся гэтага чалавека фізічна і ён адзін з тых прычынаў, чаму я вырашыла з’ехаць з Украіны.  І гэта беларус, які супраць дыктатуры.

Завалей. Чытаючы каментары, а ці ёсць сярод палітзняволеных хоць адзін ЛГБТК+, я вельмі ўсцешваюся, што мяне там няма. Бо калі я б сядзеў на “Валадарцы” і пакутваў і ведаў, што людзі так ставяцца… ЛГБТК ёсць паўсюль. І гэта не значыць, што ты “прадэмакратычны”. Ты можаш быць і неадукаваным, і за Лукашэнку. Гэта проста твая ідэнтычнасць. Самае галоўнае – гэта тое, што ты робіш. Але калі ты нават не можаш праявіць ідэнтычнасць – гэта дрэнна.

Завалей. Калі я быў на маршах з вясёлкавым сцягам, да мяне падыходзілі людзі і казалі, каб я яго прыбраў, маўляў, зараз не да гэтага, сёння не твой дзень. І я думаю, я буду зараз ахвяраваць сваім асабістым шчасцем, сваім жыццём, каб потым гэтыя людзі думалі: “Ну, сядзіць адзін підарас у турме, адзін харошы, а астатнія – не”. Я б не хацеў сваё жыццё пакласці на гэта. Калі б Беларусь не была б такой гамафобнай, магчыма, я б прыняў рашэнне ісці да канца. І такіх людзей шмат – яны дэматываваныя. Навошта ім рызыкаваць, калі іх нават не падзякуюць і не падтрымаюць?

Базар. Такім чынам можна дайсці да таго, што “а давайце мы хрысціян-палітзняволеных будзем вызваляць, а ЛГБТК+ палітзняволеных – не”.

АУДЫЁ