Ініцыятыва «Новыя рэгіёны” назапасіліся вясёлкавай сімволікай.

3 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – vk.com/newregionsmog


Мясцовая ініцыятыва «Новыя рэгіёны» падрыхтавала для магілёўцаў пак з вясёлкавымі ЛГБТ-налепкамі, якія будзе раздаваць бясплатна. Але гэта калі вы прыйдзеце на іх мерапрыемствы.

У серыю ўвайшлі стыкеры MOGILOVE, «Новыя рэгіёны», а таксама герб Магілёва з весялковым фонам. Асобна стваральнікі зрабілі рэверанс у бок газеты «Вячэрні Магілёў» – яны ўзялі лагатып газеты і ператварылі яго ў «Вечерний Могейлёв».

«Новыя рэгіёны» пазіцыянуюць сябе як ініцыятыву, якая працуе з уразлівымі групамі, у прыватнасці ЛГБТК + людзьмі. У планах у іх правядзенне лекцый, кінапаказаў, гульнятэка і воркшопы. Звязаныя яны будуць з гендэрнай ідэнтычнасцю і сэксуальнасцю, інклюзіўнасцю, фемінізмам, псіхатэрапіяй, правамі чалавека і экалогіяй.

Бліжэйшае мерапрыемства адбудзецца ўжо 5 траўня ў грамадскім цэнтры «Кола» – «Новыя рэгіёны» пакажуць фільм «Чалавек, які здзівіў усіх» – пра егера Ягора з Сібіры, які «спрабуе цалкам змяніць сваю асобу, каб падмануць надыходзячую смерць».

На мерапрыемстве, у тым ліку, будуць раздаваць і антыгамафобныя налепкі. Пра рэгістрацыю на кінапаказ можна даведацца ў групе ініцыятывы.