Мясцовай эканоміцы патрэбныя, у асноўным, прадаўцы і санітаркі, але часам у базе дадзеных трапляюцца проста дыямантавыя вакансіі.
10 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі
Людзі ў выканкамах упэўненыя: праца ёсць, проста людзі не хочуць працаваць. А калі хочуць, але не працуюць, – значыць няправільна шукаюць. Праз Агульнарэспубліканскі банк вакансій мы даведаліся, што за апошні месяц больш за паўтысячы магілёўцаў маглі б атрымаць сабе працоўнае месца. У асноўным – прадаўцамі, санітаркамі і рабочымі на заводах. Мы вось паглядзелі і выбралі пяць вакансій, якія зробяць вас асаблівым.
ЛЕКАР У ВАЕНКАМАТ
За 470 рублёў у месяц вы зможаце ацэньваць здароўе прызыўнікоў у складзе медыцынскай камісіі абласнога ваенкамата. Для гэтага трэба быць тэрапеўтам з вышэйшай адукацыяй і, відавочна, добрай характарыстыкай, гатовым у бліжэйшыя гады ўставаць у першую змену. Зацікавіліся? Тады наперад, на вуліцу Дабралюбава, 1, дзе размяшчаецца абласны ваенны камісарыят.
КАМЕНДАНТ У ТУРМУ
На гэтай пасадзе вы атрымаеце не толькі зарплату ў 430 рублёў, але і неабмежаваную прастору для жартаў пра тое, што вы выходзіце з турмы на волю кожны дзень. Для атрымання пасады каменданта аддзела тылавога забеспячэння магілёўскай турмы №4 неабходна вышэйшая адукацыя і праходжанне адмысловай праверкі. Праца са зняволенымі ў абавязках будзе.
ГАЛОЎНЫ ТРЭНЕР ХАКЕЙНАГА КЛУБА
У суровы бой лядовую дружыну суіскальніку прапануецца весці за 430 рублёў у месяц. Каб спасцігнуць вяршыні спорту №1 (па версіі прэзідэнта), спачатку трэба абзавесціся сертыфікатам трэнера па хакеі адпаведнай катэгорыі і быць маральна гатовым працаваць у адной з горшых хакейных каманд Беларусі. Гатовыя?
БІБЛІЁГРАФ
Калі любоў да кніг больш, чым любоў да легендарнай зарплаце ў 500 у.а., – значыць гэтая вакансія для вас. Складанне бібліяграфічных паказальнікаў, апісанне і класіфікацыя дакументаў ацэньваецца ў 300 рублёў у месяц. Для пасады патрэбен досвед працы бібліёграфам не менш 2 гадоў, а таксама другая кваліфікацыйная катэгорыя.
НАМЕСНІК ДЫРЭКТАРА НА “КРАНАСПАН”
7000 рублёў у месяц. Гэта, калі што, амаль тры з паловай тысячы даляраў. Займацца трэба будзе інвестыцыйнай дзейнасцю, а гэта значыць, што пасада звязана з высокімі фінансавымі рызыкамі, асабліва – у нашай краіне. Каб прэтэндаваць на пасаду, трэба як мінімум свабодна валодаць польскай і ангельскай мовамі, а таксама мець вопыт вядзення інвестыцыйнай дзейнасці не менш за тры гады. На момант стварэння матэрыялу дадзеная вакансія была самай высокааплатнай з тых, якія прапаноўваліся за апошні месяц.