У гомельскай жаночай ПК-4 паўтараецца леташняя гісторыя.

Праз нашэсце машкары ў папраўчай калоніі №4 другі год запар складваецца крытычная сітуацыя. Перадаваць у папраўчую ўстанову сродкі абароны забаронена: іх няма ў спісе прадметаў, дазволеных да перадачы. Пры гэтым, у шэрагу зняволеных жанчын ёсць алергічныя рэакцыі. У турэмнай краме перыядычна з’яўляюцца сродкі барацьбы з насякомымі, але іх не хапае, а асуджаныя, да таго ж, абмежаваныя ў пакупках дазволенай колькасцю базавых велічынь для атаварвання.

Так, спрэй ад камароў, маскітаў і мошак «Nadzor» расійскай вытворчасці аб’ёмам 100 мл у ПК-4 каштуе 5 рублёў 92 капейкі, а частка асуджаных мае права патраціць усяго 2 базавыя велічыні.

Больш за тое, баракі, у якіх жывуць асуджаныя, знаходзяцца на пастаянным праветрыванні, як і пакоі «гасцініцы на тэрыторыі калоніі» для працяглых спатканняў (ПС) са сваякамі. У пакоях для ПС, паводле сведчанняў сваякоў асуджаных, павышаная вільготнасць, а гэта спрыяльныя ўмовы для машкары. Яны рэкамендуюць часова не ездзіць на ПС з дзецьмі.

Адзначым, што ў Гомельскай вобласці таксама размешчаныя жаночая ПК-24 «Зарэчча» ў Рэчыцкім раёне для паўторна асуджаных і мазырская калонія №20 для паўторна асуджаных мужчын. Сітуацыя ў іх падобная.