Васіль Курушын лічыць, што ў яго ёсць усе падставы падчас пікету збіраць подпісы для палітыка Мікалая Статкевіча і патрабаваць адстаўкі прэзідэнта.
26 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
У пятніцу, 20 верасня, Васіль Курушын збіраў подпісы для вылучэння кандыдатам у дэпутаты на парламенцкія выбары-2019 па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 побач з гандлёвым цэнтрам «Парк-сіці».
На інфармацыйным стэндзе Курушына, апроч інфармацыі пра самога вылучэнца, вісеў партрэт палітыка Мікалая Статкевіча, які мае намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Курушын прапаноўваў магілёўцам ужо зараз запісвацца ў ініцыятыўную групу Статкевіча.
Таксама Курушын вывесіў плакат з патрабаваннем, каб Аляксандр Лукашэнка пакінуў пасаду прэзідэнта Беларусі.
На вылучэнца ў парламент паскардзіліся некаторыя гараджане. На месца выехаў сакратар акруговай выбарчай камісіі (АВК) Сяргей Казлоўскі, які зняў пікет Курушына на відэа.
На наступны дзень АВК вынесла папярэджанне патэнцыйнаму кандыдату, якое Курушын абскардзіў у абласной выбарчай камісіі.
На паседжанні 25 верасня члены абласнога выбаркаму яшчэ раз вывучылі відэа і палічылі справядлівым папярэджанне вылучэнцу.
На думку членаў камісіі, Курушын парушыў Выбарчы кодэкс – падчас парламенцкай кампаніі ён павінен збіраць подпісы толькі за рэгістрацыю сябе як кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Збор подпісаў у падтрымку Мікалая Статкевіча і плакат з лозунгам аб адстаўцы Лукашэнкі аблвыбаркам прызнаў незаконным.
Калі Курушын атрымае яшчэ адно папярэджанне акруговай камісіі, яго могуць не зарэгістраваць кандыдатам у дэпутаты, нават калі ён збярэ патрэбную колькасць подпісаў.